Затрыманне фатографа ў Мінску


6 снежня ў Мінску пры выкананні прафесійных абавязкаў быў затрыманы фатограф-фрылансер, сябра ГА «БАЖ» Уладзімір Грыдзін.

Яго затрымалі разам з грамадскімі актывістамі, дырэктарам “Арт-сядзібы”  Паўлам Белавусам і журналістам Франкам Вячоркам, калі тыя раздавалі мінакам каля Камароўскага рынка стужкі з беларускім арнаментам. Уладзь Грыдзін фатаграфаваў працэс.  

Міліцыянты сказалі, што ім нехта патэлефанаваў і паведаміў пра “акцыю”.  

Затрыманых даставілі ў РУУС Савецкага раёна Мінска, дзе ўзялі з іх тлумачэнні і адпусцілі без складання пратаколаў. Каля 30-і стужачак з арнаментам засталіся ў міліцыі.

Як расказаў БелаПАН Франак Вячорка, акцыя па раздачы стужачак з беларускім арнаментам праходзіла ў суботу прыкладна ў 20-і кропках сталіцы. Ён падкрэсліў, што гэта не палітычная, а культурніцкая акцыя, мэта якой – нагадаць беларускам пра аўтэнтычныя арнаментальныя сімвалы.