Дзе Аляксандр Алесін і ў чым яго абвінавачваюць?


Праваабарончы цэнтр "Вясна" і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікаюць КДБ Рэспублікі Беларусь праінфармаваць грамадскасць пра прычыну і месца ўтрымання пад вартай журналіста газеты “Белорусы и рынок”, сябра ГА “БАЖ” Аляксандра Алесіна, а таксама пра сутнасць прад'яўленага яму абвінавачання.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, ухваленай кіраўніцтвам абедзвюх арганізацый 5 снежня.

“Мяркуем, што інфармацыя пра затрыманне, змяшчэнне пад варту асобы, сутнасць падазрэнняў і абвінавачванняў, працэсуальны статус, месца ўтрымання і іншыя аспекты, якія не маюць дачынення да дэталяў крымінальнага пераследу, не можа парушыць таямніцу следства, якая ахоўваецца па закону, і не паставіць пад пагрозу інтарэсы дзяржаўнай бяспекі, аховы грамадскага парадку”, – лічаць аўтары заявы.

Як паведамляе агенцтва БелаПАН, вайсковы эксперт, аглядальнік штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандр Алесін быў затрыманы спецслужбамі 25 лістапада. Такім чынам, 5 снежня сканчаецца 10-дзённы тэрмін з моманту яго затрымання.

“Па неафіцыйнай інфармацыі, ён падазраецца ў шпіянажы”, – паведамляе агенцтва.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі адмовіўся каментаваць затрыманне, – заявіў БелаПАН начальнік  начальнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх.

Аляксандр Алесін — журналіст, эканамічны аглядальнік газеты «Белорусы и рынок». Спецыялізуецца ў сферы ваеннай аналітыкі. Пераможца Гран-пры прэміі «Залатое пяро» сярод журналістаў, якія пішуць на аўтамабільную тэматыку ў дзелавых і рэспубліканскіх СМІ (2008).

 

На гэтую ж тэму:

За што? Пра што пісаў і казаў Аляксандар Алесін

“Да Алесіна магла трапіць сакрэтная інфармацыя, а ён яе распаўсюдзіў”