“Тое, што кагосьці штрафуюць, а камусьці не даюць каментар – гэта звёны аднаго ланцужка”
Чаму журналістам на Гродзеншчыне перашкаджаюць працаваць?
Прадстаўнікі журналісцкай прафесіі на Гродзеншчыне кажуць, што адчуваюць “на сабе” тыя судовыя рашэнні, якія выносяць па справах іх калег. За апошнія некалькі месяцаў у Беларусі адбыўся амаль дзесятак судовых працэсаў з удзелам незалежных журналістаў.
Суды над гродзенцамі Андрэем Мялешкам, Алесем Дзянісавым, Алесем Залеўскім, Уладзімірам Хільмановічам, Міхалам Карневічам прымусілі многіх гродзенскіх калег задумацца пра сваю працу.
Гродзенскі карэспандэнт TUT.BY Аляксей Шота:
- Самая складаная сітуацыя на дадзены момант у журналістаў, якія не працуюць на афіцыйна зарэгістраваныя СМІ. На жаль, у нас вельмі архаічная сістэма. І ўлады, і праваахоўныя органы лічаць журналістамі толькі тых, хто працуе на нейкія СМІ – тобок, з пункту гледжання закона, нават такія буйныя медыі, як TUT.by – гэта не СМІ. І гэтым, канешне, карыстаюцца. Падаецца, на першы погляд, што ёсць усяго некалькі чалавек, якіх пастаянна “марынуюць”, а для астатніх нібыта ўсё нармальна, няма ніякіх праблем. Але насамрэч ціск на аднаго чалавека – гэта ціск на ўсю прафесію, на сам від дзейнасці. І тое, што кагосьці штрафуюць, а камусьці проста не хочуць даваць каментар – гэта звёны аднаго ланцужка.
Незалежны журналіст Ян Роман:
- Прысуды, якія выносяць незалежным журналістам, – у прыватнасці, трэці штраф Андрэю Мялешку – сведчаць пра тое, што ўлада па-ранейшаму пераследуе прадстаўнікоў незалежных СМІ і перашкаджае даносіць інфармацыю да людзей. Я думаю, што “Радыё Рацыя” на памежжы слухае даволі шмат людзей. Мяркую, што ўлады на гэтым не спыняцца, што гэта не апошні штраф, і не выключана, што далей яны будуць ужываць нават больш жорсткія захады да журналістаў.
Журналіст “Радыё Свабода” Міхал Карневіч:
- Відавочна, што нешта адбываецца: за нядоўгі прамежак часу прайшло ўжо каля дзесятка судоў. Улада да чагосьці рыхтуецца, і першая яе задача – пазбавіць журналіста права на прафесію, перакрыць каналы паступлення інфармацыі з нашага рэгіёна ў знешні свет. Гэта відавочна, але хто гэта робіць – вось пытанне.