Андрэй Бастунец: «Спробы патлумачыць сваю пазіцыю ў судзе выглядаюць як гульня па іх абсурдных правілах»
1 снежня ў судзе Чыгуначнага раёна г. Віцебска (вул. Будзённага, 5) працягнуць разглядаць справы журналістаў, якія сфатаграфаваліся на фоне гарадскога графіці.
Усяго заведзена сем адміністрацыйных спраў за “ўдзел у несанкцыянаванай акцыі” (арт. 23.34 КаАП).
28 лістапада адбыліся суды над Змітром Казакевічам, Аленай Сцяпанавай (аштрафаваныя на 20 базавых велічынь кожны) і Аленай Шабуняй (18 базавых).
Намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец, які прысутнічаў на судовым пасяджэнні ў пятніцу, падзяліўся з прэс-службай ГА «БАЖ» пэўнымі думкамі і назіраннямі:
– Першае, што я б адзначыў, – гэта тое, што працэсы ўжо не ў першы раз ініцыяваныя ў выніку маніторынгу інтэрнэту. Людзі не былі затрыманыя ў працэсе правядзення акцыі.
Другое – у інтэрнэце фігуравалі адзінкавыя прозвішчы ўдзельнкаў фотасесіі. Тым не менш, міліцыя выклікала ўсіх для тлумачэнняў. Гэта азначае, што за шэрагам журналістаў і грамадскіх актывістаў вядзецца пастаянны кантроль, і ідэнтыфікаваць іх могуць нават тады, калі яны ў публічнай сферы не вельмі “свецяцца”.
Трэцяе – гэта сутнасць абвінавачання. Сам разгляд справы ў судзе і спробы неяк патлумачыць сваю пазіцыю выглядаюць як гульня па іх абсурдных правілах. Прычым, вынік гульні тут можа быць толькі адзін, незалежна ад таго, якім чынам выбудоўваецца абарона. У пятніцу слухаліся тры розных справы, у адных быў адвакат, у іншых – не. Але вынікі былі вельмі падобныя: два разы па 20 базавых, адзін раз – 18. Меншы штраф атрымала ўдзельніца «несанкцыянаванага пікету» Алена Шабуня, у якой трое дзяцей, двое з якіх – непаўнагадовыя. Проста апладую гуманізму нашага правсуддзя і канкрэтнага суддзі, які гэтае рашэнне вынес! Маючы магчымасць выбраць санкцыю па гэтым артыкуле КаАП пачынаючы ад папрэджання (а мінімальны памер штрафу наогул не вызначаны), ён прызначае бадай тую ж самую суму…
Дарэчы, характэрны момант: у некаторых справах позвы ў суд выпісваліся адразу ж пасля складання праткола, у міліцыі. Хаця гэта суд павінен прыняць справу, вывучыць яе, а потым выклікаць чалавека на разгляд. Але супрацоўнікі міліцыі чамусьці ўпэўнена ўзялі гэтыя функцыі на сябе!