Расійскія памежнікі затрымалі журналістку за сюжэт пра дагляд транспарту


24 лістапада  на пункце транспартнага кантролю ў Навазыбкаўскім раёне Бранскай вобласці расійскія памежнікі затрымалі гомельскую незалежную журналістку, сябру ГА “БАЖ” Ларысу Шчыракову і яе кіроўцу Кастуся Жукоўскага.

Прыкладна дзве з паловай гадзіны памежнікі і людзі ў цывільным па чарзе дапытваліся, дзеля чаго журналісты здымалі вялікагрузныя машыны, якія ідуць з Беларусі ў Расію.

“Праглядалі ўсё знятае на камеру. Давялося выдаліць 10-секундны адрэзак відэа, у якім мільганулі два памежнікі. Тлумачылі, што ў аб’ектыў маглі патрапіць супрацоўнікі ФСБ. Пыталіся чамусьці пра стаўленне да беларускага кіраўніцтва. Багата гаварылі пра славянскае адзінства – і ўрэшце адпусцілі. Пратаколаў не складалі”, – паведаміла службе маніторынгу ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова.  

Журналістка здымала відэасюжэт на беларуска-расійскай мяжы спачатку з беларускага, а затым і з расійскага боку пра ўведзены ад 24 лістапада дагляд Расіяй грузавога транспарту, які перасякае супольную мяжу. Гэта звязана з увядзеннем абмежавальных захадаў супраць прадукцыі дзесяці  беларускіх мясных і малочных камбінатаў, якія нібыта не выконваюць патрабаванняў санітарных нормаў і працягваюць нарошчваць рээкспарт з краін Еўрасаюза і Канады. Забараняецца таксама транзіт прадуктаў з Беларусі ў Казахстан без расійскага дагляду.