“Дзе б вы ні былі – запаліце свечку”


З такім заклікам звярнулася 23 лістапада Міжнародная асацыяцыі ў абарону свабоды слова (IFEХ) да сваіх сябраў па ўсім свеце.

23 лістапада – Сусветны дзень за спыненне беспакаранасці злачынтваў супраць журналістаў – пачаў адзначацца з 2011 года па ініцыятыве IFEХ на знак памяці пра жорсткае масавае забойства журналістаў напярэдадні выбараў на Філіпінах. Дзесяткі падазраваных у гэтым злачынстве дагэтуль застаюцца на волі. Суды ідуць марудна, працягваюцца спробы падарваць судовы працэс — хабарамі, пагрозамі і запалохваннем сем’яў і сведак.

ВІДЭА

“Ахвяры на павінныя быць забытыя. Злачынствы не павінныя застацца беспакаранымі. Мы звяртаемся да людзей ва ўсім свеце з заклікам паказаць сваю салідарнасць з сем'ямі ахвяраў і тымі, хто дамагаецца справядлівасці па гэтых справах”, – гаворыцца ў звароце IFEX.

hashtags #AmpatuanMassacre and #EndImpunity

Ушаноўваючы памяць філіпінскіх ахвяраў і патрабуючы пакарання для іх забойцаў, мы ўзгадваем і сваіх калег, сыход якіх пакінуў шмат пытанняў без адказаў.


Калаж gazetaby.com

Справа Завадскага

7 ліпеня 2000 года знік аператар расійскага тэлеканала ОРТ, грамадзянін Беларусі Дзмітрый Завадскі. Цела Завадскага так і не знайшлі, і праз тры гады пасля знікнення ён быў афіцыйна абвешчаны памерлым. За забойства, аднак, ніхто так і не быў прыцягнуты да адказнасці — толькі за выкраданне. (У 2002 годзе супрацоўнікі спецпадраздзялення «Алмаз» Міністэрства ўнутраных спраў (МУС) Валерый Ігнатовіч і Максім Малік былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне, былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз — на 25 гадоў пазбаўлення волі, а тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Савушкін — на 12 гадоў пазбаўлення волі.) Ніхто з іх сваёй віны не прызнаў. У 2004 годзе Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю, якая грунтавалася на даследаванні спецдакладчыка ПАСЕ Хрыстаса Пургурыдэса аб зніклых у Беларусі людзях. Паводле дакумента, «на самым высокім дзяржаўным узроўні былі прынятыя захады дзеля хавання сапраўдных абставін знікнення» Завадскага, і «можна падазраваць вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы ў спрычыненасці да гэтых знікненняў». ПАСЕ патрабавала правесці незалежнае расследаванне магчымай ролі ў злачынстве тагачаснага генеральнага пракурора Віктара Шэймана, тагачаснага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Юрыя Сівакова і былога камандзіра міліцэйскага палка спецыяльнага прызначэння Дзмітрыя Паўлічэнкі. Аднак гэтага так і не было зроблена. У 2015 годзе споўніцца 15 гадоў

Фрагменты дакументальнага фільма Леаніда Міндліна "Слова і час". У фільме выкарыстаныя відэазапісы, зробленыя самім Дзімам, а таксама кадры іншых тэлеаператараў.

 

Справа Чаркасавай

20 кастрычніка 2004 года ў асабістай кватэры была забітая карэспандэнтка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава. Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка. Ніякія матэрыяльныя каштоўнасці з кватэры не зніклі — знайшліся, аднак, сляды крыві ў тэлефонным нататніку журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе. Адзінымі падазраванымі, якія дапытываліся крымінальным вышукам ў сувязі з забойствам, аказаліся члены сям’і Чаркасавай. Між тым, у выніку журналісцкага расследавання, праведзенага калегамі В. Чаркасавай, была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства журналісткі здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. Магчымымі матывамі забойства, паводле калег, магла стаць збіраная Веранікай інфармацыя пра «Інфабанк», які абвінавачвалі ў адмыванні грошай для продажу зброі Іраку. Следства па гэтай крымінальнай справе па-ранейшаму прыпынена «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага». Сёлета споўнілася 10 гадоў з часу забойства журналісткі.  

Фільм Леаніда Міндліна "Таямніца следства. P.S."

 

Справа Гроднікава

У кастрычніку 2005 года ў сваім доме ў Заслаўі быў знойдзены мёртвым пазаштатны журналіст недзяржаўнай газеты «Народная воля» Васіль Гроднікаў. На галаве ў забітага была кроў, крывавыя плямы былі таксама на сценах і зламаным зэдліку. Судмедэкспертыза Мінской абласной клінічнай лякарні паказала, што журналіст памёр ад чэрапна-мазгавой траўмы ў выніку «кантакту з тупым прадметам». Тым не менш, Мінская раённая пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па факце яго смерці, заявіўшы, што яна была негвалтоўнай. Сваякі і калегі Гроднікава версію следства ставяць пад сумнеў. Яны не выключаюць, што смерць была звязана са зборам матэрыялу для публікацыі з серыі «Кідалы», дзе не ў лепшым святле фігуравалі такія ведамствы, як КДБ і МУС. Журналісты, якія пабывалі ў доме Гроднікава пасля забойства, звярталі ўвагу на шматлікія сляды крыві ў розных пакоях памяшкання. На іх думку, гэта стварала ўражанне прысутнасці пабочных асобаў і вымагала ўзбуджэння крымінальнай справы.

 

Справа Бябеніна

У верасні 2010 года пры падазроных абставінах загінуў заснавальнік і галоўны рэдактар сайта Charter97.org Алег Бябенін. Яго цела знайшлі павешаным ў загарадным доме непадалёк ад Мінска. Праверку абставін смерці журналіста праводзіла пракуратура Мінскай вобласці. Следчыя заявілі, што на целе журналіста не было знойдзена ніякіх слядоў гвалту. Перадсмяротнай запіскі выяўлена не было. Тэрмін праверкі некалькі разоў працягвалі, але ў выніку ўзбуджаць крымінальную справу па факце смерці адмовіліся, спыніўшыся на версіі самагубства. Запрошаныя эксперты АБСЕ пагадзіліся з афіцыйнай версіяй, аднак падкрэслілі, што не мелі паўнамоцтваў праводзіць уласнага расследавання, а толькі пераглядалі матэрыялы расследавання беларускіх уладаў. Эксгумацыі цела Алега Бябеніна не праводзілася. Многія калегі і сябры Бябеніна з версіяй самагубства катэгарычна не згодныя. Тыя з іх, хто быў на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на яго целе слядоў гвалту. Журналісты падкрэсліваюць, што Бябенін уваходзіў у каманду аднаго з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах 19 снежня — лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Некалькі журналістаў, якія публічна выказвалі сумневы ў афіцыйнай версіі, атрымалі пагрозы.

 

У 2012 годзе, напярэдадні Сусветнага дня за спыненне беспакаранасці злачынстваў супраць журналістаў ГА “БАЖ” даслала старшыню Следчага Камітэта РБ Валянціну Шаеву афіцыйны ліст, патрабуючы аднаўлення расследавання крымінальных справаў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай, а таксама дадатковага празрыстага расследвання абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава. Следчы камітэт напісаў, што гэта па-за кампетэнцыяй Следчага камітэта, бо рашэнні па іх справах прымаліся да 1 студзеня 2012 г.

Годам раней арганізацыя дасылала аналагічны зварот у Генпракуратуру і МУС. Пракуратура адказала праз 2 дні, што «…па двух выкладзеных Вамі ў звароце фактах расследаваны крымінальныя справы, а па двух — праведзены праверкі з прыняццем рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы», і што «пра працэсуальныя рашэнні... удзельнікі крымінальнага працэсу праінфармаваныя ва ўстаноўленым законам парадку». МУС адказала, што «аднаўленне расследавання згаданых БАЖ крымінальных спраў і правядзенне дадатковых праверак знаходзіцца ў кампетэнцыі Генеральнай пракуратуры».