Дзяржпакет акцый ЗАТ "Альфа Радыё" будзе перададзены ў аператыўнае кіраванне выдавецкаму холдынгу "Советская Белоруссия"
Дзяржпакет акцый ЗАТ "Альфа Радыё" будзе перададзены ў аператыўнае кіраванне выдавецкаму холдынгу "Советская Белоруссия". Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 1083 ад 19 лістапада 2014 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
"Перадаць бязвыплатна да 31 снежня 2014 года ў аператыўнае кіраванне ўстанове Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Рэдакцыя газеты "Советская Белоруссия" 100 акцый закрытага акцыянернага таварыства "Альфа Радыё", якія належаць Рэспубліцы Беларусь і знаходзяцца ў валоданні і распараджэнні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, намінальным коштам 120.000 рублёў на агульную суму 12.000.000 рублёў", — гаворыцца ў дакуменце.
"Альфа Радыё" ў эфіры з 21 сакавіка 1999 года. Заснавальнікі: Міністэрства інфармацыі і прыватныя інвестары. Кампанія забяспечвае ўстойлівы радыёсігнал: у Мінску і вобласці —107,9 FM; у Брэсце — 100,8 FM; у Віцебску — 107,6 FM; у Гродне — 98,4 FM; кабельнае вяшчанне ў Полацку і Наваполацку (Віцебская вобласць); інтэрнэт-вяшчанне ў любым пункце свету.
"Альфа Радыё" — першая радыёстанцыя ў Беларусі, якая дала слухачам магчымасці канала RDS. Фармат станцыі — навіны і музыка.