За што можна судзіць белсатаўца?

belsat.eu

Зрабі рэпартаж і даплаці за гэта $ 500 дзяржаве. Новая формула ўзаемадзеяння медыяў і ўладаў мае заткнуць рот усім журналістам, якія не адсправаздачваюцца перад аддзелам ідэалогіі.

Белсатаўца Алеся Залеўскага чакае чарговы суд і, імаверна, чарговы штраф «за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». У вачох слонімскіх міліцыянтаў, якія складалі пратакол, Алесь Залеўскі – «чалавек-аркестр», які сам адзняў, напісаў і агучыў відэаматэрыял, змантаваў, адправіў сігнал на спадарожнік, чым уласна парушыў беларускае строгае, але справядлівае заканадаўства. Ну бо што ж будзе, калі кожны пачне вось так сабе самавольна пускаць сігналы на спадарожнік?

А калі сур’ёзна, давайце паспрабуем разабрацца, чым Залеўскі гэтак насаліў мясцовым начальнікам. Праграма «Людскія справы» была прысвечаная карупцыі ў ЖКГ. У выданні з’явіўся рэпартаж пра тое, як у Слоніме амаль $ 60 тыс. з бюджэту выдаткавалі на касметычны рамонт чатырох кватэраў. Цяпер, калі жытло хочуць прыватызаваць, ад жыхароў патрабуюць кампенсацыі выдаткаў. Але гэта яшчэ не ўсё – рамонт збольшага адбыўся толькі на паперы.

Райвыканкам? Пракуратура? Аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі? Дзяржкантроль? Ау, вы дзе? Схавалі галаву ў пясок, адгарадзіліся адпіскамі і перакіроўваннямі скаргаў. Здымачная група «Белсату» прыехала на месца, журналіст паразмаўляў з жыхарамі, праглядзеў дакументы і на ўласныя вочы пабачыў, што гэта быў за «рамонт». Больш за тое – знайшоў адказную асобу і задаў ёй простыя, але такія нязручныя пытанні.

У пэўнай ступені здымачная група «Белсату» зрабіла працу за Дзяржкантроль ды іншыя кантрольны органы, якія, дарэчы, ужо раней мелі ўсю інфармацыю пра тое, што адбываецца. Вось гэта і ёсць галоўнае злачынства Залеўскага. Бо судзіць яго будуць, заўважце, не за паклёп ці якую абразу службовай асобы. А за «выраб» і «распаўсюд».

То бок за самое існаванне праграмы і тое, што ў ёй з’яўляюцца такія рэпартажы. Сваім існаваннем «Белсат», праграма «Людскія справы» і журналіст Залеўскі ў прыватнасці замінаюць спакойнаму існаванню разнастайным дзяржаўным кантролям, начальнікі якіх толькі і ўмеюць, што час ад часу чырванець ды пагрозліва натапырваць вусы.

Не буду хаваць, што з фігурантам гэтага страшнага злачынства, якое гэтак аператыўна раскрылі слонімскія міліцыянты (з дня выдання праграмы мінуў «усяго» месяц) мяне звязвае даўняе сяброўства. Але рэч у тым, што ў Беларусі гэта не першы ды не адзіны выпадак. Неўзабаве будуць судзіць гарадзенскага журналіста Андрэя Мялешку (гэта ў яго ўжо трэці пратакол), раней аштрафавалі нашых калегаў Марыну Маўчанаву, Алеся Дзянісава, Алеся Буракова. Мікалай Бянько і Юлія Сівец атрымалі папярэджанні.