Старшыню праваабарончай арганізацыі пазбавілі віду на жыхарства ў Беларусі
У апошні час "Цэнтр прававой трансфармацыі" (Lawtrend) пад кіраўніцтвам Алены Танкачовай шмат увагі надаваў пытанням доступу да інфармацыі з афіцыйных крыніц.
Старшыня праўлення асветніцкай установы "Цэнтр прававой трансфармацыі" (Lawtrend), вядомая праваабаронца Алена Танкачова пазбавілася віду на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Паводле яе слоў, 30 кастрычніка яна атрымала апавяшчэнне пра гэта ў Першамайскім РУУС Мінска, і абавязаная пакінуць Беларусь на працягу бліжэйшага месяца, – паведамляе naviny.by.
Фармальнай падставай для такога рашэння ўладаў маглі стаць адміністратыўныя правапарушэнні ў выглядзе перавышэння хуткасці пры кіраванні аўтамабілем.
Апошнія 30 гадоў грамадзянка Расіі Алена Танкачова жыла ў Беларусі.
«Цэнтр прававой трансфармацыі» працуе на павышэнне прававой культуры насельніцтва, а таксама ладзіць асветніцкую, аналітычную і даследчую дзейнасць у галіне права.
У прыватнасці, нядаўна «Lawtrend» правёў даследаванне па пытаннях доступу да інфармацыі, ахове асабістых дадзеных, празрыстасці дзейнасці органаў улады ў Беларусі.
Таксама "Цэнтр прававой трансфармацыі" падрыхтаваў памятку для журналістаў "Як атрымаць доступ да матэрыялаў рэзанансных крымінальных спраў».