Палата прадстаўнікоў: Змены заканадаўства ў сферы свабоды выказвання не патрабуюцца


Камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі адказала на зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Зварот грамадскага аб’яднання парламенцкая камісія разглядала сумесна з Міністэрствам інфармацыі Беларусі, пра што паведамляецца ў дакуменце. На думку сябраў камісіі, у цяперашні час унясенне карэкціровак у акты заканадаўства Беларусі ў сферы свабоды выказвання меркавання не патрабуецца.

Нагадаем, што 26 верасня бягучага года ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярталася да Генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў, старшыні Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама Вярхоўны суд з патрабаваннем спыніць ціск на журналістаў-фрылансераў, а таксама прывесці заканадаўства Беларусі у сферы свабоды выказвання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і міжнароднымі прававымі актамі.

У адказ на зварот ГА “БАЖ” Міністэрства унутраных спраў параіла звяртацца ў суды і Мінінфармацыі, Вярхоўны суд адаслаў да іншых інстанцый, а Генеральная пракуратура паведаміла, што звяртацца з падобнымі заявамі павінны самі журналісты-фрылансеры.

Каментуючы дадзеныя адказы дзяржорганаў, намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец адзначыў, што журналісцкая супольнасць і далей будзе дабівацца ад уладаў змены заканадаўства.

– Мы бачым, што ўлады відавочна не хочуць прыслухоўвацца не толькі да голасу журналісцкай супольнасці, але і да меркаванняў міжнародных структур, якія няспынна патрабуюць адмяніць заганную практыку акрэдытацыі журналістаў, што супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Разам з тым, мы лічым неабходным і далей гучна заяўляць пра дадзеную праблему. Мы будзем дапамагаць сябрам ГА “БАЖ” абскарджваць судовыя рашэнні, а таксама звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН і падштурхоўваць дзяржаўныя органы да ўвядзення заяўнага прынцыпу акрэдытацыі, – падкрэсліў А.Бастунец.

Нагадаем, што цягам бягучага года супраць беларускіх журналістаў-фрылансераў, што супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, было заведзена дзевяць адміністратыўных спраў па артыкуле 22.9 Адміністратыўнага кодэкса (Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).