Журналістка Марына Маўчанава заплаціць штраф «за незаконны распаўсюд прадукцыі СМІ» (Абноўлена)
Суддзя Магілёўскага аблсуда Павел Клімаў пакінуў у сіле пастанову пра штраф бабруйскай журналістцы Марыне Маўчанавай, абвінавачанай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ.
Нагадаем, 25 верасня суддзя суда Бабруйска і Бабруйскага раёна Наталля Чарапуха прызнала Малчанаву вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП і арт. 35 закона аб СМІ) і аштрафавала журналістку на 4 млн. 800 тыс. рублёў. Суддзя палічыла, што публікацыя на сайце тэлеканала «Белсат» матэрыялу Малчанавай аб дабрачыннай арганізацыі «Клуб 5000», якая займаецца дапамогай хворым на рак дзецям, з'яўляецца парушэннем закона з боку журналісткі.
Падчас касацыйнага абскарджвання прысуду 28 кастрычніка Маўчанава заявіла, што суд першай інстанцыі няправільна вытлумачыў заканадаўства, паколькі артыкул пра выраб і распаўсюд прадукцыі можа тычыцца толькі юрыдычнай асобы, г.зн. рэдакцыі, у чые функцыі ўваходзяць дадзеныя дзеянні.
Акрамя таго, піша БелаПАН, журналістка заявіла, што суд дзейнічаў пад ціскам. Па словах Маўчанавай, у яе справе знаходзіліся матэрыялы аналагічнага разбіральніцтва з незалежным журналістам Алесем Залеўскім, дасланыя з Карэліцкага суда, якія выкарыстоўваліся ў якасці шаблону, што, падкрэсліла журналістка, з'яўляецца грубым парушэннем.
На пасяджэнні Маўчанава таксама адзначыла, што Бабруйскі суд разгледзеў яе справу фармальна і неаб'ектыўна, і заявіла пра парушэнне права на збор і распаўсюд інфармацыі і свабоду слова, замацаваных у Канстытуцыі і ў ратыфікаваных Беларуссю міжнародных дакументах.
Тым не менш, суддзя Клімаў, разгледзеўшы матэрыялы справы, пастанавіў пакінуць без зменаў рашэнне суда Бабруйска і Бабруйскага раёна ў дачыненні да Маўчанавай, а яе скаргу – без задавальнення.
«Я не здзіўленая сённяшнім рашэннем. Чакалася, што так і будзе. Тым не менш, здзіўляе абсурднасць такіх рашэнняў. У маёй скарзе, у довадах майго адваката было вельмі добра даказана, што абвінавачванні беспадстаўныя», – заявіла БелаПАН журналістка, адзначыўшы, што мае намер далей абскарджваць пастанову аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці.