Міліцыянты “пагарачыліся”: прэзентацыю кнігі пісьменніка і журналіста Віктара Марціновіча сарвалі ў Гродне


У грэка-каталіцкі парафіяльны цэнтр, дзе ўвечары 23 кастрычніка пачалася сустрэча, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, Міністэрства надзвычайных сітуацый, гарвыканкама, – паведаміў БелаПАН Віктар Марціновіч.

“Яны заявілі, што мерапрыемства адмяняецца, і прапанавалі пісьменніку прайсці з імі. Марціновіча апыталі ў сувязі з правядзеннем сустрэчы і склалі адпаведны пратакол. Ён адзначыў, што ўлады, верагодна, палічылі сустрэчу з чытачамі несанкцыянаванай масавай акцыяй”, – піша рэсурс naviny.by

Між тым, днямі прэзентацыя рамана без усялякіх перашкодаў прайшла ў Лунінцы.

Кіраўнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага выканаўчага камітэта Віталь Мамачкін паведаміў беларускай службе Радыё “Свабода”, што ўчорашнія дзеянні праваахоўнікаў не скіраваныя супраць Віктара Марціновіча, а звязаныя з тым, што “памяшканне яшчэ не ўведзена ў эксплуатацыю”.

На пытанне наконт апраўданасці дзеянняў міліцыянтаў ён сказаў, што тыя “пагарачыліся”: “Так, сітуацыя склалася не вельмі прыгожа. Мы таксама часам не маем на іх уздзеяння. Яны выконваюць сваю працу, мы сваю. Мяркую, што мы на ўзроўні нашых кіраўнікоў будзем збірацца, каб такія выпадкі больш не паўтараліся».

“Па словах Марціновіча, ён чакае прабачэнняў у сувязі з інцыдэнтам, які, нагадаў ён, адбыўся роўна ў той дзень, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з беларускімі пісьменнікамі і разважаў пра сучасную беларускую літаратуру”, – піша naviny.by. “Нагадаем, Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма цэнзуры: “У нашы дні ніхто не дыктуе, пра што і як пісаць. Калі дыктуюць, то вы, калі ласка, скажыце, хто і што дыктуе. Сышлі ў мінулае цэнзура і дзяржманаполія на друкаванае слова. Калі не так, вы таксама мне пра гэта скажыце””, – цытуе рэсурс выказванне кіраўніка дзяржавы.

 

На гэтую ж тэму:

Марціновіч: Я патлумачыў, што прэзентую легальную кнігу

В Гродно сорвали презентацию «Мовы»

У Гродне сарвалі прэзентацыю рамана Марціновіча «Мова»