Шведскі саюз журналістаў напісаў адкрыты ліст Ліліі Ананіч
Шведскі саюз журналістаў падтрымлівае ГА “БАЖ” у патрабаванні спыніць пераслед і ціск на беларускіх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ і прадаюць свае матэрыялы замежным медыя-кампаніям.
Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце прэзідэнта Шведскага саюза журналістаў Ёнаса Нордлінга на імя беларускага міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Яго тэкст размешчаны на сайце арганізацыі і ў далучаным PDF-файле пад гэтым матэрыялам. Ён фактычна дублюе заяву ГА “БАЖ”, прынятую 26 верасня.
Шведская журналістка Оса Улсан, якая нядаўна наведала Беларусь як эксперт па фрылансе Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, перакананая, што плён ад гэтага звароту павінен быць – з улікам міжнароднай вагі арганізацый, якія звяртаюцца да беларускіх афіцыйных асобаў.
«Пагроза журналістам з боку ўладаў цяпер расце ў сувязі з тым, што ў наступным годзе чакаюцца прэзідэнцкія выбары. Свабода прэсы з'яўляецца цыклічнай – у залежнасці ад таго, наколькі хутка выбары”, – кажа Оса Улсан.