Калькулятар фрылансера. Цані сваю працу!
14 кастрычніка ў Мінску адбыўся трэнінг для беларускіх журналістаў на тэму “Як зарабіць на фрылансе? Калькулятар журналіста-фрылансера” арганізаваны ГА “БАЖ” і кампаніяй “За фрыланс!”. Сваім досведам падзяліліся эксперты групы па фрылансе Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў Торальф Сандокер з Нарвежскага саюза журналістаў і Оса Ульсан са Шведскага саюза журналістаў.
Праблема з аплатай працы фрылансераў у Нарвегіі паўстала даволі востра, калі большасць рэкламадаўцаў пачала карыстацца паслугамі электронных СМІ, Google, Facebook і г.д. і амаль перастала размяшчаць рэкламу ў друкаванай прэсе.
“Ганарары паніжаліся, і адначасова газеты скарачалі журналістаў. Атрымлівалася “зачараванае кола”, – гаворыць Торальф Сандокер. – Мы ў Саюзе журналістаў вырашылі, што фрылансеры мусяць зарабляць столькі ж, колькі іх калегі, якія маюць сталую працу, пасля вынятку ўсіх падаткаў”. Гэтая прынцыповая пазіцыя Нарвежскага саюза журналістаў дазволіла цалкам змяніць сістэму аплаты працы фрылансераў у краіне.
У 2005 годзе намаганнямі Нарвежскага саюза журналістаў быў створаны і запушчаны “калькулятар фрылансера” – анлайн-сервіс, які дазваляе фрылансеру ацаніць сваю працу з улікам усіх выплатаў і індывідуальных адметнасцяў (такіх як узрост, адукацыя, выдаткі на тэхніку і падаткі). “Калькулятар фрылансера” служыць як пішучым журналістам, так і фатографам.
Трэба адзначыць, што, у адрозненні ад Беларусі, дзе асноўныя прыбыткі журналіста – гэта ганарары, альбо матэрыяльнае ўзнагароджанне за творчую працу, у Нарвегіі праца журналістаў ацэньваецца пагадзінна. “Мы імкнуліся адмовіцца ад практыкі аплаты за артыкул. Бо няма ніякай сувязі паміж якасцю артыкула і колькасцю словаў. Гэта маё цвёрдае перакананне”, – гаворыць Торальф Сандокер. Таму і нарвежскі “калькулятар фрылансера” базуецца на прынцыпе пагадзіннай аплаты працы.
Канчатковая сума, якую вылічвае праграма, не залежыць ад памеру артыкула, колькасці словаў, радкоў ці знакаў. Ён дазваляе падлічыць кошт гадзіны працы журналіста-фрылансера, а таксама вызначыць рэальныя аплочваемыя гадзіны (паколькі лічыцца, што журналіст будзе выдаткоўваць свой працоўны час у тым ліку і на адміністраванне свайго бізнэсу). Такім чынам спецыялісты з Нарвегіі прапануюць вылічваць кошт гадзіны працы журналіста наступным чынам:
гадавы заробак ÷ бізнэс-выдаткі
Кошт гадзіны працы = -------------------------------------------------
колькасць аплочваемых гадзінаў
Фрылансеру трэба вызначыць, колькі ён хоча зарабляць, затым палічыць выдаткі – аплату падаткаў, выдаткі на тэхніку, страхоўку, а таксама выходныя, бальнічныя, час каб адміністраваць свой бізнэс і г.д. Затым увесці гэтыя дадзеныя ў “калькулятар”, які працуе на базе праграмы Excel. Праграма выставіць кошт працы фрылансера за гадзіну. Гэтая лічба агучваецца пры перамовах з рэдактарамі СМІ. “Кошт кожнага фрылансера адрозніваецца, ён не аднолькавы,” – гаворыць Торальф Сандокер.
Зараз у Нарвегіі медыяхолдынгі буйнеюць, а іх колькасць змяншаецца. “Існуе 5 буйных кампаній. Тры з іх вельмі вялікія, яны кантралююць усю друкаваную прэсу. Таксама ёсць дзве эфірныя кампаніі – дзяржаўная і прыватная, якія цалкам дамінуюць у сферы тэлебачання. У Нарвегіі выходзіць каля 150 штодзённых газет. Насельніцтва краіны – каля 5 млн. чалавек”, – распавёў Торальф Сандокер.
Таксама нарвежскі эксперт паведаміў, што 100% журналістаў, якія працуюць у традыцыйнах СМІ, з’яўляюцца сябрамі Нарвежскага саюза журналістаў. Саюз налічвае 9 100 сябраў, каля 10% з іх – фрылансеры. Сябрамі Саюза з’яўляюцца каля 80% супрацоўнікаў інтэрнэт-медыяў. “Мы маем інфармацыю пра сярэдні заробак усіх сябраў Саюза журналістаў, – гаворыць Торальф Сандокер. – Акрамя таго, мы ведаем дакладны сярэдні заробак у кожнай газеце і кампаніі, якая займаецца медыябізнэсам. “Калькулятар фрылансера” грунтуецца на гэтай статыстыцы”.
У 2002 годзе, Нарвежскі саюз журналістаў ініцыяваў змены ў заканадаўстве, якія дазволілі фрылансерам працаваць як самананятым прадпрымальнікам і самім весці свой бізнес. Да гэтага фрылансеры ў Нарвегіі мелі статус “ненанятых супрацоўнікаў”.
“Калькулятар фрылансера” пачаў працаваць у 2005 годзе. На той момант у Нарвегіі існавалі “рэкамендаваныя” фіксаваныя кошты на радок і слова для ацэнкі працы фрылансераў. “Але гэтымі коштамі ніхто не карыстаўся. Наймальнікі проста смяяліся з гэтых лічбаў, – гаворыць Торальф Сандокер. – Медыякампаніям гэта не падабалася, было шмат скаргаў. А калі фрылансеры сталі працаваць як прадпрымальнікі, кліента цяжка было пераканаць, што ёсць амартызацыйныя кошты, як напрыклад, кошт тэхнікі, якія таксама трэба ўключыць у ганарары”.
Што адбылося пасля запуску “калькулятара”? Зараз большасць фрылансераў у Нарвегіі выстаўляюць рахунак за гадзіну сваёй працы. “Пры перамовах з выдаўцом гэтая лічба, як правіла, ужо не абмяркоўваецца. Але колькасць гадзінаў можа змяняцца”, – кажа Торальф Сандокер. Такім чынам, колькаць часу на напісанне артыкула, а не кошт гадзіны працы журналіста з’яўляецца асноўным прадметам перамоваў фрылансераў з рэдактарамі.
На падставе нарвежскага досведу група па фрылансе Еўрапейскай Федэрацыі журналістаў выпрацавала наступныя рэкамендацыі для фрылансераў:
Стаць прафесіяналамі ў вядзенні свайго бізнесу і самастойна развіваць сваю справу.
Імкнуцца пазбягаць дамоваў з фіксаваным коштам за артыкул.
Адаптаваць кошты сваёй працы да розных медыя.
Оса Ульсан са Шведскага саюза журналістаў, сябра групы па фрылансе ЕФЖ, падчас трэнінгу для беларускіх журналістаў падзялілася сваім практычным вопытам супрацоўніцтва са СМІ з выкарыстаннем шведскай версіі “калькулятара фрылансера”.
Гэты сервіс размешчаны на сайце Шведскага саюза журналістаў www.sjf.se/frilanskalkylatorn. Спн. Ульсан 12 год працуе фрылансерам, у яе дзве вышэйшыя адукацыі, яна піша на тэму рынкаў і працоўнай занятасці насельніцтва, ёй 47 год, і яны з мужам, які таксама працуе журналістам-фрылансерам, выхоўваюць дваіх дзяцей.
Як палічыць кошт сваёй працы? “Калькулятар фрылансера” распрацаваны Шведскім саюзам журналістаў, – гэта анлайн-сервіс, які на падставе агульнапрынятага месячнага заробку, з улікам усіх выплат і падаткаў, дазваляе палічыць кошт працы фрылансера за гадзіну.
“Мы пагаджаемся з рэдактарам наконт гэтага кошту перад тым, як напісаць артыкул”, – гаворыць Оса Ульсан. Калькулятар у Швецыі працуе з лютага 2014 года. “Пакуль ім карыстаюцца не ўсе журналісты-фрылансеры. Але я лічу, што кожны сябра нашага Саюза мусіць навучыцца цаніць свае ўменні і сваю працу. Пакуль мы толькі на пачатку гэтага шляху”, – гаворыць Оса Уільсан.
У трэнінгу “Як зарабіць на фрылансе? Калькулятар журналіста-фрылансера” ўзялі ўдзел каля 20 беларускіх журналістаў.