Юрыст: Цяжка ўявіць, чым пагражае праца журналістаў без акрэдытацыі дзяржаўнай бяспецы, грамадскаму парадку ці маральнасці


Юрыстка ГА “БАЖ” Вольга Сяховіч каментуе адказ Генеральнай пракуратуры на запыт арганізацыі датычна пераследу журналістаў-фрылансераў. У прыватнасці – сцвярджэнне, што замацаваныя ў законе “Аб СМІ” абмежавальныя нормы не супярэчаць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

В. Сяховіч: “Прыводзячы цытату з артыкула 19, начальніца аддзела нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян не згадвае, для якой менавіта з прыведзеных мэтаў патрэбны абмежаванні журналісцкай дзейнасці, прадугледжаныя Законам аб СМІ – у прыватнасці, датычныя супрацоўніцтва з замежнымі медыя.

Між тым, паводле Пакту, любыя абмежаванні свабоды слова павінны адпавядаць “крытэрам неабходнасці і сувымернасці, у прыватнасці, шляхам устанаўлення прамой і непасрэднай сувязі паміж формай выказвання і пагрозай”. Гэта вынікае з Заўвагі агульнага парадку №34 Камітэта па правах чалавека ААН, якая каментуе згаданы артыкул 19 Пакта.

Згодна з гэтай Заўвагай, "журналісцкія функцыі выконвае шырокае кола асоб, у тым ліку прафесійныя штатныя рэпарцёры і аналітыкі, блогеры і іншыя асобы, якія публікуюцца ў друкаваных выданнях, інтэрнэце або дзе-небудзь яшчэ, таму існаванне агульных дзяржаўных сістэм рэгістрацыі журналістаў або выдачы ім ліцэнзій з'яўляецца несумяшчальным з пунктам 3. Абмежаванні на акрэдытацыю дапушчальныя толькі ў выпадках, калі для журналістаў неабходна прадаставіць прывілеяваны доступ у некаторыя месцы або на некаторыя падзеі. Такія абмежаванні не павінны насіць дыскрымінацыйнага характару ​​і павінны прымяняцца ў адпаведнасці з артыкулам 19 і іншымі палажэннямі Пакта на аснове аб'ектыўных крытэраў і з улікам таго, што журналісцкія функцыі выконвае шырокае кола асоб".

Цяжка ўявіць, якую пагрозу ўяўляе з сябе праца журналістаў без акрэдытацыі “для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, а таксама аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці”, і чаму для грамадства так неабходна караць журналістаў штрафамі за распаўсюд інфармацыі ў замежных СМІ, не зважаючы на змест гэтай інфармацыі.

Відавочна, што разуменне акрэдытацыі як абавязковай умовы для журналісцкай дзейнасці ў беларускім заканадаўстве, якое цягне за сабою ўжыванне да пазаштатных супрацоўнікаў СМІ абмежаванняў на доступ да інфармацыі і рэпрэсіўных захадаў, не адпавядае гарантыям свабоды слова, замацаваным у ратыфікаваных Беларуссю міжнародна-прававых актах”.