Дырэктарка ЕФЖ: Паняцце «штатны журналіст» паціху адыходзіць у нябыт
Рэната Шродэр раіць прадстаўнікам беларускіх уладаў «не ісці супраць тэндэнцый часу».
Рэната Шродэр
Так дырэктарка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў сфармулявала асноўны “мэсыдж” прадстаўнікам беларускіх дзяржаўных структур, адказных за медыясферу.
“Я маю на ўвазе, што паняцце “штатны журналіст” паціху адыходзіць у нябыт, а фрыланс-журналістыка робіцца якраз самым распаўсюджаным спосабам выканання неабходнай працы. Нельга забараняць журналістам выконваць іх працу”, – падкрэсліла яна ў гутарцы з прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Спн. Шродэр зноў выказала шкадаванне, што прадстаўнікі ўладаў не прыйшлі на круглы стол 13 кастрычніка: “Дыялог павінен быць. І мы перакананыя, што рана ці позна ён пачнецца. Пра гэта казала і прадстаўніца АБСЕ па свабоде СМІ Дуня Міятавіч, якая падкрэсліла, што ўхваляе дыялог і спадзяецца на рэформу ў медыясферы. Мы думаем, што іншага выйсця проста няма”.
На думку Рэнаты Шродэр, Беларусь застаецца цікавай для Еўропы, нягледзячы на драматычныя падзеі ва Украіне. А магчыма, пэўным чынам і дзякуючы ім.
“Мы спадзяемся, што Беларусь зможна знайсці больш мяккі шлях пераўтварэнняў, – зазначыла яна. – Я ведаю, што і ЕС зацікаўлены ў падтрыманні добрасуседскіх стасункаў і дыялогу з Беларуссю, і Савет Еўропы таксама мае інтарэс да Беларусі. Але, безумоўна, унутры самой Беларусі патрэбныя пэўныя перамены. ЕФЖ, са свайго боку, будзе рабіць усё дзеля інфармавання нашых сябраў пра журналістаў у Беларусі і старацца паўплываць непасрэдна на Савет Еўропы дзеля інтэнсіфікацыі дыялогу”.
Круглы стол «Роля і месца журналіста ў грамадстве. Асаблівасці дзейнасці журналістаў-фрылансераў у Еўропе і Беларусі», Мінск, 13 кастрычніка
Дырэктарка ЕФЖ Рэната Шродэр знаходзіцца ў Мінску з двухдзённым візітам у складзе дэлегацыі еўрапейскіх журналісцкіх арганізацый, у тым ліку Шведскага саюза журналістаў, Нарвежскага саюза журналістаў, Аўстрыйскага саюза журналістаў і Нацыянальнага саюза журналістаў Вялікабрытаніі.
Асноўная мэта візіту еўрапейскіх калег – азнаёміцца з умовамі працы беларускіх фрыланс-журналістаў і разам з імі падумаць, як справіцца з асноўнымі выклікамі ў іх працы. 13 кастрычніка ў Мінску адбыўся круглы стол «Роля і месца журналіста ў грамадстве. Асаблівасці дзейнасці журналістаў-фрылансераў у Еўропе і Беларусі». Удзень госці наведалі офіс ГА “БАЖ” і сустрэліся з кіраўніцтвам арганізацыі.
Пасяджэнне экспертнай групы ЕФЖ па фрыланс-журналістыцы. Мінск, 13 кастрычніка
Паколькі ўсе дэлегаты ўваходзяць у склад экспертнай групы па фрыланс-журналістыцы ў межах ЕФЖ, менавіта ў Мінску адбылося яе чарговае пасяджэнне. З беларускага боку ў працы групы браў удзел сябра Рады ГА “БАЖ” Андрусь Клікуноў. Група абмеркавала планы на 5 лістапада (міжнародная акцыя “Станем за журналістыку”), вызначыла кола пытанняў для вэбінара па фрыланс-журналістыцы, які адбудзецца найбліжэйшым часам. Андрусь Клікуноў падкрэсліў важнасць правядзення сустрэчы экспертнай групы ў Мінску, бо гэта, на яго думку, дазволіць ўзняць дыскусію на тэму фрыланс-журналістыкі ў Беларусі на новы ўзровень. Паводле яго назіранняў, на момант пачатку кампаніі ГА “БАЖ” “За фрыланс!” лічаныя калегі лічылі і называлі сябе фрыланс-журналістамі, а цяпер іх значна больш.