Як мінімум два журналісты, якія асвятлялі футбольны матч у Барысаве, сутыкнуліся з перашкодамі ў працы


Інцыдэнты адбыліся ўвечары 9 кастрычніка ў звязку з футбольным матчам Беларусь — Украіна, які праходзіў на стадыёне "Барысаў-Арэна" (г. Брысаў Мінскай вобл.).

Як паведамляе nn.by, карэспандэнтку «Нашай Нівы» Ірыну Арахоўскую змусілі выдаліць відэа затрымання футбольнага заўзятара, які быў у шаліку з гербам “Пагоня”. А тэлеаператара Алеся Баразенку затрымлівалі для праверкі дакументаў – пасля адзнятай ім сцэны таго, як на стадыён не пускалі заўзятара ў шаліку «Беларусь. Мы пераможам». Гэтую інфармацыю ён паведаміў праз Facebook і пазней пацвердзіў прэс-службе ГА “БАЖ”.

Агулам у Барысаве 9 кастрычніка быў затрыманы 41 чалавек. Пра гэта паведамілі “Еўрарадыё” ў прэс-службе Упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. 16 з іх адпусцілі пасля высвятлення асобы, 25 чалавек судзяць 10 кастрычніка ў судзе Барысаўскага раёна. З іх 14 украінцаў.

Афіцыйная прычына затрымання і прыцягнення да адказнасці  – "знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане” і "дробнае хуліганства". Неафіцыйна выказваюцца меркаванні, што пад затрыманні патрапілі асабліва актыўныя выканаўцы “песні пра Пуціна” з нецэнзурнай лексікай, а таксама тыя, хто меў вопратку з “Пагоняй” і бел-чырвона-белым сцягам і надпісамі “Слава Украіне!” і “Жыве Беларусь!”.