120 старонак. Столькі займаюць матэрыялы справы магілёўскага журналіста


Аляксандр Буракоў азнаёміўся з матэрыяламі сваёй адміністрацыйнай справы. У ёй ёсць нават інфармацыя пра штрафы за перавышэнне хуткасці.

Магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў 2 кастрычніка наведаў суд Ленінскага раёна горада Магілёва і з дазволу старшыні суда Галіны Кужэлевай азнаёміўся з матэрыяламі распачатай супраць яго адміністрацыйнай справы.

Па словах Аляксандра Буракова, ён быў вельмі здзіўлены яе аб’ёмам – сто дваццаць старонак. З дазволу старшыні суда журналіст здолеў зрабіць фотакопіі некаторых матэрыялаў справы.

Паводле журналіста, з іх бачна, што толькі на правядзенне дзвюх экспертыз па даследаванні забраных у яго камп’ютараў было выдаткавана пяць мільёнаў рублёў. Даследаваліся ўсе чатыры камп’ютары, а той сістэмны блок, які зараз па-ранейшаму застаецца ў супрацоўнікаў міліцыі, цалкам разабралі і вымалі жосткі дыск – шукалі матэрыялы са спасылкамі на “DW” і чамусьці таксама на сайт “Свабодны фармат”. Асобным радком быў вылучаны пошук дакументаў, у якіх узгадваецца фінансаванне з-за мяжы.

Аляксандра Буракова таксама здзівіла, што ў матэрыялах яго адміністрацыйнай справы былі нават пратаколы апытання настаўнікаў нямецкай мовы ў далёкім 2010 годзе, калі ён рабіў адпаведны рэпартаж для “Нямецкай хвалі”. Да справы далучана інфармацыя пра ўсе адміністрацыйныя спагнанні Аляксандра Буракова за апошнія гады – у асноўным гэта штрафы ДАІ за перавышэнне хуткасці.

Пасля азнаямлення з матэрыяламі адміністрацыйнай справы Аляксандр Буракоў падаў у суд Ленінскага раёна Магілёва заяву з хадайніцтвам, каб у судовым працэсе ўдзельнічалі ўсе сведкі, якія ўзгадваюцца ў матэрыялах, у тым ліку маёр Уладзімір Пугачоў (які санкцыянаваў і правеў "агляд" яго кватэры).

Нагадаем, што разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні пачнецца ў судзе Ленінскага раёна г. Магілёва 7 кастрычніка а 14:30. Разглядаць справу будзе суддзя Волкава.

 

На гэтую ж тэму:

Адміністрацыйныя справы ў дачыненні да журналістаў па арт. 22.9 КаАП і папярэджанні за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі ў 2014 годзе