Беларусь па-ранейшаму знаходзіцца на апошнім месцы Індэкса свабоды медыя краін Усходняга партнёрства
Па выніках першага паўгоддзя 2014 г. Грузія застаецца лідарам у Індэксе свабоды медыя Усходняга партнёрства. На другім месцы – Малдова, трэцяй стала Украіна, памяняўшыся месцамі з Арменіяй, якая цяпер на чацвёртым месцы. Азербайджан і Беларусь замыкаюць спіс.
Штоквартальнае складанне Індэкса свабоды медыя Усходняга партнёрства з’яўляецца часткай праекта EaP Media Freedom Watch, які ажыццяўляе арганізацыя “Інтэрньюс-Украіна” ў партнёрстве з няўрадавымі арганізацыямі ў пяці іншых краінах УП. Індэкс вылічваецца шляхам падсумоўвання атрыманых краінамі балаў у чатырох катэгорыях: “Палітыка”, “Практыка”, “Тэлерадыёвяшчанне”, “Інтэрнэт і новыя медыя”. Удзел у складанні рэйтынгу бяруць каля 60 экспертаў у сферы СМІ.
Агульны вынік для ўсіх краін выглядае наступным чынам:
Палітыка
Блок “Палітыка” вызначае ўзровень правоў і свабод, якія прадастаўляюцца канстытуцыяй і законамі краіны СМІ і журналістам, іх адпаведнасць міжнародным нормам і стандартам, наяўнасць афіцыйных органаў цэнзуры і г.д. Максімальная ацэнка – 240 балаў.
Другі раз запар за час правядзення апытанняў індэкс нашай краіны па ацэнцы экспертаў у гэтым блоку апынуўся вышэй за 2 балы (3 з 7-і магчымых). Верагодна, гэта звязана не столькі з паляпшэннем сітуацыі ў сферы СМІ ў Беларусі, колькі з пэўным змяненнем сістэмы каардынатаў экспертаў на фоне трагічных падзеяў ва Украіне.
Але ацэнка заканадаўчых гарантый свабоды слова і СМІ па-ранейшаму застаецца на ўзроўні 2 балаў, што не дазваляе зрабіць выснову пра паступовае паляпшэнне сітуацыі са СМІ.
Пятае апытанне запар усе эксперты выставілі найніжэйшы бал (0), ацэньваючы сітуацыю з заканадаўствам пра дыфамацыю. Гэта выклікана тым, што ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць і перыядычна прымяняюцца на практыцы шэсць артыкулаў, якія вызначаюць адказнасць за паклёп і абразу (прычым за дыфамацыю ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і службовых асоб ўстаноўлена падвышаная адказнасць). У чэрвені была распачата чарговая справа за абразу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 368 КК) у дачыненні да 68-гадовай актывісткі Кацярыны Садоўскай.
Практыка
Блок «Практыка» паказвае ролю дзяржавы ў вызначэнні правоў і свабод СМІ і журналістаў, рэакцыю ўладаў на выпадак іх незаконага абмежаваня. Гэты блок складаецца з 6 частак: фактычныя атакі, пагрозы, затрыманні, судовы пераслед, доступ да інфармацыі, цэнзура і самацэнзура, дзяржаўная манаполія, эканамічныя ўмовы. Максімальная ацэнка – 1110 балаў.
Фізічныя атакі, пагрозы, затрыманні
Эксперты выставілі крыху больш высокія адзнакі па дадзеным раздзеле апытанкі ў параўнанні з папярэднімі індэксам (103 балы супраць 95 па выніках красавіцкага і 86 – па выніках студзеньскага апытання).
Гэта звязана з памяншэннем колькасці затрыманняў журналістаў у другім квартале 2014 (адзіны факт затрымання трох журналістаў). За папярэдні квартал былі зафіксаваныя затрыманні 14 журналістаў. Для параўнання: за 2013 г. маніторынгавая служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" зафіксавала каля 50 выпадкаў затрыманняў журналістаў.
Тым не менш, казаць пра паляпшэнне сітуацыі заўчасна, паколькі з'явіліся прэцэдэнты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за працу без акрэдытацыі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя.
Судовы пераслед
Экспертныя ацэнкі судовых рашэнняў у справах з удзелам журналістаў і СМІ рэзка пагоршыліся ў параўнанні са зробленымі тры месяцы таму (41 супраць 49) і вярнуліся да звыклага ўзроўню. Гэта звязана як са згаданымі вышэй прэцэдэнтамі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў за працу без акрэдытацыі (медыя-юрысты сцвярджаюць, што ўжыты ў дачыненні да журналістаў артыкул не мае дачынення як да дзеянняў, пастаўленых ім у віну), так і з адменай рашэння Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, вынесенага на карысць спадарожнікавага тэлеканала «Белсат ТВ». Менавіта гэтае рашэнне аказала сур'ёзны ўплыў на экспертныя ацэнкі па раздзеле «Судовы пераслед», і яго адмена была негатыўна ўспрынята журналісцкай і праваабарончай супольнасцямі.
Усе эксперты па-ранейшаму адзначаюць выбарачны падыход да СМІ пры вынясенні судовых рашэнняў.
Доступ да інфармацыі. Цэнзура і самацэнзура
Сітуацыя з доступам журналістаў да інфармацыі не зведала істотных змен. Эксперты адзначаюць, што механізм акрэдытацыі журналістаў выкарыстоўваецца для абмежавання доступу да інфармацыі, а таксама звяртаюць увагу на цяжкасці ў доступе да інфармацыі, з якімі сутыкаюцца журналісты.
Манаполія. Эканамічныя ўмовы
Дзяржава па-ранейшаму дамінуе на рынку выдання і распаўсюду СМІ.
Эканамічныя ўмовы дзейнасці СМІ не змяніліся. Усе эксперты адзначылі, што ў перыяды, калі ў краіне не праходзяць выбары, апазіцыя не мае доступу да дзяржаўных СМІ (падчас выбараў магчымасці доступу апазіцыі да СМІ мінімальныя, іх выступы цэнзуруюцца і абмяжоўваюцца).
З іншага боку, большасць экспертаў зноў выставілі даволі высокі бал (у сярэднім 2,5 з 4) пры адказе на пытанне, ці выкарыстоўвае ўрад дзяржаўныя праграмы падтрымкі СМІ для пратэкцыянізму і падпарадкавання сабе незалежных СМІ. Падобныя захады ў дачыненні да незалежных СМІ, сапраўды, не прымяняюцца. Замест гэтага дзяржава выкарыстоўвае метады эканамічнай дыскрымінацыі недзяржаўных грамадска-палітычных медыя.
Тэлерадыёвяшчанне
Блок «Тэдерадыёвяшчанне» вызначае ўзровень свабоды тэлерадыёкампаній, доступ да эфіру і г.д. Максімальная ацэнка –150 балаў.
Экспертная ацэнка сітуацыі ў сферы тэлерадыёвяшчання застаецца найгоршай (індэкс 1 пры агульным краінавым індэксе ў 3 з 7 магчымых).
Зноў мінімальныя ацэнкі (0) эксперты выставілі пры адказе на пытанні пра грамадскае тэлебачанне ў Беларусі (яно ў краіне адсутнічае). Большасць з іх лічыць немагчымым стварэнне незалежнага грамадскага тэлебачання ў краіне без правядзення палітычных рэформаў.
Інтэрнэт і новыя медыя
Блок «Інтэрнэт і новыя медыя» (вызначае ўзровень свабоды інтрнэту, магчымасці доступу да яго. Максімальная ацэнка – 150 балаў.
Ацэнка экспертамі сітуацыі ў сферы інтэрнэт і новых медыя ў параўнанні з папярэднім апытаннем крыху палепшылася (50 балаў супраць 46,8 па выніках папярэдняга апытання). Магчыма, гэта звязана з памяншэннем правакацый у сеціве пасля заканчэння выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Акрамя таго, сярод станоўчых момантаў эксперты адзначылі адсутнасць прыкмет распрацоўкі прававога акта датычна рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, пра які прадстаўнікі ўлады шмат казалі ў канцы 2013 г., і з'яўленне ў аферце некалькіх прыватных правайдэраў безлімітнага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт па разумных коштах (у эквіваленце 20-25 долараў ЗША).