Сябры ГА “БАЖ” з’ездзілі ў прэс-тур у Крычаў


Сябры ГА “БАЖ” з Віцебскай і Магілёўскай вобласці на запрашэнне журналістаў газеты “Вольны горад” 26-27 верасня наведалі горад Крычаў і Крычаўскі раён.

Падчас прэс-тура журналісты азнаёміліся з экалагічным станам рэгіёна, дзе размешчаныя два буйныя цэментныя заводы і некалькі кар’ераў для забеспячэння іх вытворчасці, а таксама абмеркавалі і ўнеслі свае прапановы аб удасканаленні механізмаў развіцця межрэгіянальных сувязяў паміж філіямі ГА “БАЖ”.

У прэс-туры бралі ўдзел незалежныя журналісты з Глыбокага, Оршы, Горак, Бялыніч, Клімавічаў, Хоцімска і Крычава. Калі мясцовыя сябры ГА “БАЖ” ужо неяк прызвычаіліся да таго стану навакольнага асяроддзя, якое зараз існуе ў Крычаве і яго ваколіцах, то госці з іншых рэгіёнаў былі ўражаныя ўбачаным. Па іх меркаванні, пра нейкую экалагічную бяспеку паблізу ад вытворчасці на старым цаментным заводзе казаць не выпадае. З труб на заводзе пастаянна ідзе выкід пары і разнастайных шкодных рэчываў, на многіх навакольных дамах добра бачны незвычайны налёт пылу. І хоць прысутны на сустрэчы эксперт распавёў журналістам, што праведзеныя даследаванні не выявілі істонага росту хваробаў у жыхароў Крычаўскага раёна, журналісты на ўласныя вочы змаглі пераканацца, што праблема сапраўды існуе.

У размешчаных паблізу новага цэментнага завода вёсках Міхееўка і Каменка ўзніклі праблемы з забеспячэннем жыхароў пітной вадой. Кар’еры для забеспячэння вытворчасці на цэментных заводах паглыбляюцца, і вада са студняў у вёсках пачынае сыходзіць, вадаправоду ж у вёсках няма. Мясцовыя жыхары спадзяююцца, што ўлады выправяць сітуацыю і нарэшце пабудуюць вадаправод.

Паразмаўлялі журналісты і з вучнямі крычаўскай гімназіі, частка будынка якой развалілася напярэдані новага навучальнага года 29 жніўня, а таксама і з жыхарамі размешчаных паблізу дамоў. Дзеці зараз вучацца ў іншых школах горада і не ведаюць, які лёс чакае іх ранейшую навучальную ўстанову. Не ведаюць гэтага і іх бацькі.

На фота: Сяргей Няроўны

Падчас сустрэчы 27 верасня за круглым сталом журналісты з розных гарадоў і раёнаў з дапамогай трэнера па арганізацыйным развіцці Ігара Шарага абмеркавалі і выпрацавалі агульныя прапановы па механізмах удасканалення развіцця межрэгіянальных сувязяў паміж філіямі ГА “БАЖ”. Па словах гаспадара сустрэчы рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, пазней напрацаваныя прапановы будуць перададзены для далейшага ўключэння ў агульныя планы БАЖ у цэнтральны офіс арганізацыі.

Таксама ў межах прэс-тура журналістамі “Вольнага горада” была арганізаваная своеасаблівая культурная праграма для гасцей з іншых рэгіёнаў. Яны змаглі наведаць размешчаны ў Мсціслаўскім раёне паблізу вёскі Пустынкі праваслаўны Успенскі манастыр і пабываць на экскурсіі ў палацы князя Пацёмкіна ў Крычаве.

Па агульным меркаванні ўдзельнікаў прэс-тура, мерапрыемства атрымалася вельмі ўдалым.