«Рэпарцёры без межаў»: Стратэгія рэжыму зразумелая – стварыць умовы, у якіх незалежная журналістыка знікне сама сабой
“Беларускія ўлады працягваюць спробы ўдушэння незалежнага асвятлення падзеяў, настойваючы на тым, што журналісты, якія працуюць на замежныя СМІ, абавязаныя мець акрэдытацыю. Улады таксама нацэліліся на самі замежныя медыя”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе, распаўсюджаным “Рэпарцёрамі” 26 верасня.
Арганізацыя пераказвае падрабязнасці гісторыі з ператрусам у магілеўскага журналіста Аляксандра Буракова і прыгадвае, што гэтыя падзеі супалі з візітам у Беларусь Прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ Дуні Міятавіч.
«Разам з сістэматычным удушэннем нешматлікіх крытычна настроеных медыя ўлады распачалі наступ на замежныя медыя і журналістаў, якія вымушаныя працаваць на іх без акрэдытацыі, бо не могуць атрымаць яе”, – заявіў Ёхан Бір, кіраўнік бюро “Рэпарцёраў” у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. “Стратэгія рэжыму зразумелая – стварыць умовы, у якіх незалежная журналістыка знікне сама сабой”, – дадаў ён.
Арганізацыя прыгадвае ў гэтым кантэксце суд па справе аб таварным знаку “Белсата”, у выніку якога спадарожнікавы тэлеканал быў пазбаўлены права выкарыстоўваць сваю назву на тэрыторыі Беларусі.
Беларусь знаходзіцца на 157-м месцы са 180-і краін, што ўваходзяць у Індэкс свабоды прэсы “Рэпарцёраў без межаў”.