Журналістку «Бобруйского курьера» аштрафавалі
Суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска пакараў Марыну Маўчанаву за журналісцкую дзейнасць на карысць замежнага СМІ штрафам у памеры 32 базавых велічыні (4 800 000 рублёў).
25 верасня адбыліся чарговыя слуханні па справе карэспандэнткі «Бобруйского курьера» Марыны Маўчанавай. Журналістку абвінавацілі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ ч.2). А фактычна – у тым, што на сайце тэлекампаніі «Белсат» з'явіўся тэкставы матэрыял за яе подпісам.
Пераслед журналістаў на аналагічных падставах у Беларусі, можна сказаць, пастаўлены на паток: за апошні час у розных гарадах Беларусі адбылося некалькі падобных выпадкаў.
У адміністрацыйнай справе Марыны Маўчанавай, з якой яна азнаёмілася, знаходзілася «падказка» для суддзі – справа журналіста, тэлевядучага тэлеканала «Белсат» Алеся Залеўскага, аштрафаванага ў маі г.г. на 30 базавых велічыняў. Як можна меркаваць па адбітках на гэтых дакументах, матэрыялы справы Залеўскага па факсе былі дасланыя ў бабруйскі суд з суда Карэліцкага раёна, які прымаў рашэнне.
Марына Маўчанава двойчы звярталася да суда з хадайніцтвам аб пераносе слуханняў да таго часу, пакуль яна не атрымае адказ з Мінюста, куды звярнулася са скаргай з нагоды ціску на бабруйскі суд. На думку журналісткі, знаходжанне ў яе справе старонніх матэрыялаў з’яўляецца ціскам на суд. (Фотакопіі гэтых дакументаў у журналісткі ёсць).
Між тым, заслухаўшы паказанні яшчэ аднаго бабруйскага міліцыянта, які нібыта знайшоў тэкст Маўчанавай у інтэрнэце, выслухаўшы пярэчанні адваката журналісткі, які слушна звярнуў ўвагу суддзі на юрыдычныя нестыкоўкі ў справе і на адсутнасць падстаў для прыцягнення Маўчанавай да адміністрацыйнай адказнасці, суд вырашыў, што яе віна даказаная.
У выніку суддзя Наталля Чарапуха наклала на журналістку адміністрацыйнае спагнанне ў памеры 32 базавых велічыні, што складае 4.800.000 рублёў.
Марына Маўчанава збіраецца аспрэчыць гэтае рашэнне ў больш высокіх інстанцыях.
На гэтую ж тэму:
Бабруйск: Марына Маўчанава аштрафавана на 32 базавыя велічыні