Добрых рэпартажаў будзе больш


У ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” завяршыўся дыстанцыйны навучальны курс для маладых журналістаў “Мастацтва рэпартажу”. Удзел у курсе, які з дапамогай платформы Moodle дыстанцыйна працягваўся ўсё лета, бралі практыкуючыя журналісты і студэнты факультэтаў журналістыкі.

Пад кіраўніцтвам медыятрэнера Аляксандра Коктыша за час працы ў курсе навучэнцамі было падрыхтавана 27 паўнавартасных рэпартажаў. Яшчэ 18 рэпартажаў удзельнікаў навучання ўжо зараз знаходзяцца ў распрацоўцы.

– Курс быў вельмі насычаны тэарэтычнай інфармацыяй і практычнымі заданнямі, іх навучэнцы мусілі выконваць дыстанцыйна. Пасля выканання кожнага задання ўсе ўдзельнікі атрымлівалі прафесійныя рэкамендацыі, якія дапамагалі ім рабіць наступныя заданні і падвышаць свой журналісцкі ўзровень. У журналісцкай працы, як і ў любой іншай, ёсць сур’ёзныя падводныя камяні. Вельмі важна ад пачатку ведаць, які рэпартаж ён хоча падрыхтаваць, загадзя атрымаць інфармацыю пра герояў падзеі, усе акалічнасці той ці іншай сітуацыі. Над гэтым мы і працавалі дыстанцыйна, а ў мінулыя выходныя падводзілі вынікі на фінальнай сесіі, – распавёў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аляксандр Коктыш.

– Для мяне курс быў вельмі карысны, хоць я і не навічок у журналістыцы, у мяне ніколі не было такога рэдактара, які так пільна вывучаў бы мае матэрыялы і дапамагаў у іх падрыхтоўцы. Самае галоўнае і новае, што я вынесла з курсу, – гэта неабходнасць загадзя рыхтавацца і яшчэ да выезду на месца падзеяў складаць план рэпартажу. Для мяне было адкрыццём, што часам не трэба распыляцца на ўсё, а неабходна загадзя скласці план і згодна з гэтым планам зрабіць матэрыял, – гаворыць удзельніца курса з Брэста Аксана Бровач.

– А мне вельмі спадабалася, што курс праходзіў у дыстанцыйным рэжыме з дапамогай сістэмы Moodle. Дзякуючы гэтаму рэгіянальным журналістам не трэба было кожныя выходныя траціць час на паездкі ў Мінск, а можна было спакойна займацца падрыхтоўкай адпаведных матэрыялаў і азнаямленнем з тэарэтычнай часткай курсу. Таму для рэгіёнаў дыстанцыйнасць такога курсу – гэта вельмі вялікі плюс.

У сваю чаргу, наш медыятрэнер зрабіў вялізную працу, падрыхтаваўшы неабходную метадычную літаратуру і практычныя заданні. За ўсе чатыры гады навучання на факультэце журналістыкі я нідзе не пачула і не прачытала столькі карыснай інфармацыі пра напісанне рэпартажу, як на курсах ГА “БАЖ”, – распавяла яшчэ адна ўдзельніца навучання Марта Мартынюк.

Удзел у курсе “Майстэрства рэпартажу” бралі журналісты адразу з васьмі беларускіх гарадоў. Сярод тэм матэрыялаў, напісаных падчас навучання, –  штодзённая праца пажарнай службы, правядзенне фестывалю “Дажынкі” ў Пінску, асаблівасці перасячэння беларускай мяжы і многае іншае.

 

Шаноўныя слухачы курсу! Калі Вы не супраць паказаць калегам плён сваёй працы - калі ласка, дашліце на press@baj.by альбо пакіньце на FB-старонцы БАЖ спасылкі на свае рэпартажы. Некаторыя гэта ўжо зрабілі:

Хождение по граничным мукам: едем в Литву

Глыток свабоды, альбо Нашыя ў Вільні