Адкрыты ліст ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» адносна правядзення штогадовай канферэнцыі Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў у Маскве


Кіруючыся прынцыпамі кодэксаў этыкі Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, а таксама пачуццём глыбокай павагі да ўкраінскага народу, вымушанага весці на сваёй зямлі неабвешчаную вайну з сепаратыстамі, Праўленне ГА “БАЖ” прыняло рашэнне ўстрымацца ад удзелу ў канферэнцыі Еўрапейскай Федэрацыі Журналістаў (EFJ), якая пройдзе ў лістападзе ў Маскве, на знак салідарнасці з украінскімі калегамі.

Мы лічым канферэнцыю EFJ галоўнай падзеяй года ў свеце еўрапейскай журналістыкі. Таму ад імя сябраў нашай нацыянальнай арганізацыі мы выказваем нязгоду з правядзеннем  гэтай канферэнцыі ў сталіцы дзяржавы, улады якой цягам апошняга часу мэтанакіравана спрыялі і спрыяюць разбурэнню этычных і прафесійных стандартаў журналістыкі.

На нашых вачах у расійскіх медыях адбываецца бессаромная падмена інфармацыйнай функцыі сродкаў масавай інфармацыі маніпулятыўнай і прапагандысцскай. Беспрэцэдэнтная хваля дзяржаўнай прапаганды, якая абрынулася на жыхароў самой Расіі і ўсіх краін, куды маюць доступ расійскія СМІ, падрывае давер да медыйнага слова ўвогуле. Асабліва востра гэта адчуваецца ў краінах, што мяжуюць з Расійскай Федэрацыяй, да якіх належыць і Беларусь. Відавочна, што ўлады Расіі наўпрост стымулююць гэты ганебны працэс, публічна і масава адзначаючы дзяржаўнымі ўзнагародамі найбольш актыўных удзельнікаў руйнавання базавых прынцыпаў аб'ектыўнай журналістыкі.

Менавіта таму нам падаюцца непераканаўчымі аргументы часткі еўрапейскіх калег, што ў гэты складаны для расійскай журналістыкі момант правядзенне штогадовай канферэнцыі EFJ у Маскве стане выказваннем міжнароднай падтрымкі расійскай журналісцскай супольнасці. На нашу думку, існуе высокая рызыка таго, што канферэнцыю EFJ скарыстаюць у прапагандысцкіх мэтах расійскія ўлады і ідэалагічна карумпаваныя масмедыя для ўзмацнення сваёй прапагандысцкай пазіцыі. Аднак мы шануем пазіцыю тых сябраў EFJ, якія будуць у лістападзе ў Маскве бараніць прынцыпы свабоды слова і стандарты прафесійнай этыкі, і жадаем ім дасягнуць поспеху на гэтым шляху.

Мы смуткуем па расійскіх калегах, якія сталі ахвярамі неабвешчанай вайны, а таксама выказваем глыбокую павагу і салідарнасць з той часткай расійскай журналісцскай супольнасці, якая ў неверагодна складаных умовах трымаецца сёння праўды і прынцыпаў аб'ектыўнага асвятлення падзей. Мы ўражаныя іх мужнасцю і перакананыя, што прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць дапамогуць ім вытрываць і вярнуць давер да друкаванага слова і голасу медыяў як у краіне, так і за яе межамі.

Прынята Праўленнем ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 16.09.2014

Дадатковая інфармацыя:

Акрамя ГА “БАЖ”, які прадстаўляе Беларусь у EFJ, пра няўдзел у маскоўскім форуме па стане на 17 верасня абвесцілі Грузія, Венгрыя, Люксембург, Славенія, Украіна і Фарэрскія выспы.

Пакуль што не далі афіцыйнага адказу Азербайджан, Бельгія, Балгарыя, Кіпр, Чэхія, Эстонія, Германія, Латвія, Македонія, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія.

Збіраюцца ўдзельнічаць у ім Аўстрыя, Харватыя, Данія, Фінляндыя, Францыя, Вялікабрытанія, Грэцыя, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Чарнагорыя, Расія, Сербія, Іспанія, Швецыя, Швейцарыя і Турцыя.

Нагадаем, што 14 верасня прадстаўнікі Асацыяцыі польскіх журналістаў, Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны і Незалежнага медыяпрафсаюза Украіны заклікалі сябраў EFJ не праводзіць у Маскве кангрэсу.

Кіраўнік ЕФЖ Могенс Бліхер-Б’ерэгард заклікаў сябраў арганізацыі паважаць як рашэнне тых, хто ўдзельнічае ў маскоўскім форуме, так і рашэнне тых, хто вырашыў адмовіцца.

Прыняцце заявы ГА «БАЖ» пракаментавала старшыня арганізацыі Жанна Літвіна:

- Падзеі, звязаныя з расійска-украінскім канфліктам, і асабліва іх асвятленне прымушаюць па-новаму паглядзець на прафесію. З такім узроўнем інфармацыйнай агрэсіі мы яшчэ не сутыкаліся. Падчас асвятлення падзеяў расійскія СМІ маніпулявалі інфармацыяй, фота, відэа, дэманструючы поўную безадказнасць і бяздумнасць, парушаючы ўсе прынцыпы нашай прафесіі. Чаго толькі вартыя асвятленне Першым расійскім каналам дня прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне і дэзінфармацыя адносна перамогі кандыдата ад “Правага сектару”... Гэта і выкарыстанне ў праграме Кісялёва кадраў, адзнятых на Паўночным Каўказе, і выкарыстанне кадраў з мастацкага фільма “Брестская крепость”, які выдаваліся за бамбардаванне Данбаса. На вачах СМІ ператвараліся ў зброю, якая раз’ядае грамадскую свядомасць. Дэзінфармацыя, прапаганда, інфармацыйныя правакацыі – шлях да нянавісці і варожасці. У сённяшняй сітуацыі патрэбны глыбокі аналіз усяго, што адбывалася, аналіз ролі СМІ ў гэтых працэсах. І ёсць вялікая верагоднасць, што на канферэнцыі ў Маскве такая размова не атрымаецца, што само правядзенне канферэнцыі будзе выкарыстанае ў прапагандысцкіх мэтах. Таму сёння як ніколі ўкраінскім журналістам патрэбная падтрымка. І мы сваім рашэннем дэманструем і падтрымку, і салідарнасць з нашымі калегамі.