АБСЕ ладзіць у Мінску семінар на тэму ўзаемадзеяння міліцыі і журналістаў (Абноўлена)
Сёння ў Мінску а 10-й раніцы распачынаецца семінар «Узаемадзеянне праваахоўных органаў і сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь», які ладзіць Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ сумесна з беларускім МЗС.
З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў сустрэчы маюць звярнуцца Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч і намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына.
Гэтай падзеяй распачынаецца афіцыйная праграма візіту ў Беларусь Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуні Міятавіч, якая будзе ў Мінску 15-16 верасня. Мэта прыезду – “абмеркаваць пытанні свабоды СМІ з высокапастаўленымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікамі СМІ”, паведамляе прэс-служба Бюро.
У часе візіту спн. Міятавіч сустрэнецца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч, іншымі афіцыйнымі асобамі, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі. Прэс-канферэнцыі па выніках візіту не прадугледжана, – інфармуе Бюро.
Папярэдні візіт спн. Міятавіч у Мінск адбыўся ў чэрвені 2013 года. “Я атрымала ад афіцыйнага Мінска наўпроставыя знакі таго, што беларускія ўлады гатовыя на лібералізацыю ў сферы СМІ”, – заявіла яна тады падчас выніковага брыфінгу.
Апошняе перад цяперашнім візітам выказванне Д. Міятавіч адносна беларускай сітуацыі тычылася штрафаў беларускім журналістам за працу без акрэдытацыі. 5 чэрвеня спн. Міятавіч пісала Уладзіміру Макею пра неабходнасць перагледзець патрабаванні акрэдытацыі журналістаў.
Сярод удзельнікаў семінара «Узаемадзеянне праваахоўных органаў і сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь»:
Ад Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ: дырэктар Бюро Андрэй Рыхтар, дарадца Айдар Батагараў, спецыяліст па праектах Нікаля Эбнатэр.
Міжнародныя эксперты: Выканаўца абавязкаў начальніка аддзела АБСЕ па стратэгічных пытаннях паліцыі Марка Кубны, кансультант па бяспецы журналістаў і журналістыцы ў часе канфліктаў Сусана Інкінец.
Ад МУС: Намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама – начальнік аддзела па масавых мерапрыемствах Аляксандр Басаў, намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Мінаблвыканкама Ілля Венскі, начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка, старшы інспектар па асобых даручэннях галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Максім Зінчанка, старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілкатыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Кумец, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі і намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Віктар Новікаў.
Ад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце РБ: першы намеснік начальніка Цэнтра Уладзімір Рабаволаў.
Ад ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”: намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец і юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў.
Ад СМІ будуць прысутнічаць прадстаўнікі дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы: “Салідарнасці”, ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”, “СБ. Беларусь сегодня”, “Народнай волі”, “Нашай Нівы”, Белтэлерадыёкампаніі, БелТА, “Новага часу”, “Звязды” БелаПАН і некаторых іншых медыяў.