Дуня Міятавіч прыяжджае ў Менск
Афіцыйны прадстаўнік Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) па пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Дуня Міятавіч наведае Менск.
Нагодай для яе візыту ў сталіцу Беларусі стане сэмінар-трэнінг па ўзаемадзеяньні праваахоўных органаў і СМІ Беларусі, які пройдзе ў панядзелак, 15 верасьня.
«Гэты сэмінар арганізуецца беларускім бокам сумесна з офісам прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ ў рамках нашага ўзаемадзеяньня з Арганізацыяй па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе з удзелам спадарыні Міятавіч»,— паведаміў сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.
Офіс па пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі ня раз крытычна выказваўся пра сытуацыю са свабодай мэдыяў у Беларусі. Так, у чэрвені 2014 году Дуня Міятавіч выказала занепакоенасьць у сувязі з павелічэньнем колькасьці штрафаў, накладзеных у апошнія месяцы ў Беларусі на журналістаў, якія не атрымалі афіцыйнай акрэдытацыі:
«Я занепакоеная, таму што гэтая практыка насамрэч можа эфэктыўна забараніць журналістам асьвятляць падзеі. Учорашняе судовае рашэньне адносна Андрэя Мялешкі падкрэсьлівае неабходнасьць вырашэньня гэтага пытаньня цяпер», — заявіла Міятавіч.
Журналіста-фрылансэра Радыё Рацыя Андрэя Мялешку суд у Горадні 16 чэрвеня аштрафаваў на 4,5 мільёна рублёў, паставіўшы яму ў віну супрацоўніцтва з замежным СМІ без адпаведнай акрэдытацыі. Раней сёлета падобныя штрафы атрымалі Алесь Залеўскі і Аляксандар Дзянісаў зь Белсату.
«Акрэдытацыя не павінна быць ліцэнзіяй на працу, і яе адсутнасьць не павінна абмяжоўваць журналістаў у магчымасьці працаваць і свабодна выказваць сваю думку. Усе журналісты павінны мець такія самыя прафэсійныя правы, як журналісты зарэгістраваных СМІ, уключна з правам на пошук і распаўсюд інфармацыі», — сказала Дуня Міятавіч.
Грамадзянка Босніі і Герцагавіны, экспэрт у пытаньнях заканадаўства аб СМІ Дуня Міятавіч стала афіцыйным прадстаўніком АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ ў сакавіку 2010 году.