Дыстанцыйны курс Ірыны Крыловіч “Эканоміка. Проста” (да 26 верасня)
Айчынны «эканамічны цуд», інфляцыя і дэвальвацыя, інтэграцыйныя аб’яднанні, экспарт, імпарт і рээкспарт, мыты і падаткі, запазычанасці і крэдыты міжнародных арганізацый — эканамічныя паняцці і працэсы ўсё часцей становяцца істотнымі складнікамі інфармацыйнага поля.
- Як не патануць у акіяне лічбаў і эканамічных тэрмінаў?
- Як чытаць і разумець эканамічныя паказчыкі, а таксама адшукваць у іх інфармацыйную нагоду?
- Як зрабіць матэрыял на эканамічную тэматыку цікавым і запатрабаваным у чытача?
- Як не памыліцца ў прагнозах і адрозніць экспертнае меркаванне ад выказванняў дылетанта?
Паспрабуем разам разабрацца ў гэтых пытаннях падчас дыстанцыйнага курса эканамічнай журналістыкі Ірыны Крыловіч, намесніка рэдактара газеты «Белорусы и рынок».
АПІСАННЕ КУРСА:
Эканамічная журналістыка ў класічным варыянце (арыентаваная на біржавыя рынкі, прыватных і карпаратыўных інвестараў) у Беларусі не надта запатрабаваная з нагоды недастатковага развіцця рынкавых інстытутаў. Аднак веданне прынцыпаў і законаў эканамічнай журналістыкі дапамогуць “неэканамічнаму” журналісту выбраць дакладную тэму і "патрэбны тон" у стасунках з шырокай аўдыторыяй.
Падчас майстар-курса мы будзем вучыцца:
- выбіраць і раскрываць тэму, не пераўтвараючы свой тэкст у слоўнік эканамічных тэрмінаў;
- шукаць эканамічную інфармацыю, у тым ліку і ў агульнадаступных крыніцах;
- адрозніваць лічбы і факты і пісьменна карыстацца статыстычнай інфармацыяй;
- лічыць, параўноўваць, аналізаваць і “аздабляць” свой тэкст агульнадаступнымі лічбамі.
Мы будзем пісаць свае матэрыялы і аналізаваць чужыя, каб пазбегнуць памылак, якіх, на жаль, нямала ў эканамічных матэрыялах, а таксама абмяркоўваць праблемы, пра якія вы даўно хацелі напісаць, але не ведалі ЯК. Курс доўжыцца два месяцы ў дыстанцыйным рэжыме з выкарыстаннем віртуальнага навучальнага асяроддзя Moodle. Удзельнікі будуць рэгулярна атрымліваць як порцыі тэарэтычных матэрыялаў, так і практычныя заданні.
ТЭРМІНЫ:
Курс пачынаецца аднадзённым ўстановачным майстар-класам 2 кастрычніка 2014 г. ў Мінску.
Далей праца будзе ісці ў дыстанцыйным рэжыме.
22-23 лістапада — заключная сесія ў Вільні.
УДЗЕЛЬНІКІ:
Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «Майстар-клас Крыловіч») ДА 26 ВЕРАСНЯ.
Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:
1. Кароткі расповед пра сябе.
2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.