Святлана Калінкіна: У новым сезоне градус цікавасці да падзеяў у Беларусі значна ўзрасце!
У верасні разам з навучальным традыцыйна пачынаецца новы палітычны і медыйны сезон. Грамадскае жыццё аднаўляецца пасля летняга зацішша, а СМІ ва ўсім свеце традыцыйна радуюць сваіх чытачоў, гледачоў і слухачоў навінамі.
Да прыкладу, новы сезон днямі распачаў тэлеканал “Белсат”, не толькі вярнуўшыся “У студыю”, але і пацешыўшы гледачоў новымі рубрыкамі і праграмамі.
Але будучы медыйны сезон абяцае быць асаблівым – на 2015 год у Беларусі запланаваныя прэзідэнцкія выбары, якія заўсёды з’яўляюцца апагеем грамадскай і палітычнай актыўнасці. І безумоўна, ён не застанецца па-за ўвагай айчынных і замежных СМІ.
А чаго чакаць самім журналістам? Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” распачынае серыю матэрыялаў, у якіх папросіць калег прааналізаваць дасягненні і промахі беларускай журналістыкі ў сезоне мінулым ды зрабіць свой прагноз на год будучы.
Першай сваімі думкамі з чытачамі сайта www.baj.by дзеліцца шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна:
– За мінулы год сітуацыя ў сферы СМІ ў Беларусі відавочна не змянілася. Апошнім часам наогул складаецца ўражанне, што беларуская журналістыка перайшла ў стадыю самавыжывання: стала значна менш яскравых журналісцкіх тэкстаў і адкрыццяў. Нават у параўнанні з падзеямі пяцігадовай даўніны.
Магчыма, справа ў агульнай стомленасці журналістаў, магчыма, – у нязменнасці праблемаў, пра якім нам прыходзіцца пісаць. Але я не магу сказаць, што за апошні год у Беларусі ўзніклі нейкія цікавыя прафесійныя праекты. Не магу сказаць, што я за кагосьці сёлета вельмі ўзрадавалася, убачыла нейкія новыя імёны. Безумоўна, нешта ўсё ж было, але непараўнальна мала нават з сітуацыяй пяцігадовай даўніны.
Вельмі шкада, бо гэта сведчыць пра пэўную прафесійную градацыю нашага асяродку.
Адначасова ўсё гэта здзіўляе і таму, што сёлета не было ніякіх сур’ёзных рэпрэсій з боку ўладаў у дачыненні да журналістаў. Проста мінулы інфармацыйны сезон быў сезонам стомленасці, нежадання ісці на амбразуру, сезонам незаўважным.
– Чаго чакаць наперадзе?
Спадзяюся, ён скончыцца! Пачынаецца чарговая палітычная кампанія і градус цікавасці да падзеяў у краіне ў беларускім грамадстве значна ўзрасце.
Выбары заўсёды падвышаюць агульны настрой грамадства, павялічваюць аўдыторыю сайтаў і наклады газет – людзі чакаюць абвастрэння ад нашых матэрыялаў. Таму, думаю, прафесійны ўсплёск у журналісцкім асяродку адбудзецца.
Толькі я вельмі баюся, каб не паўтарылася сітуацыя, калі палітычныя кампаніі супадаюць з рэпрэсіямі супраць СМІ. Так было заўсёды, а апошнім часам на журналістаў пачыналі ціснуць нават прэвентыўна.
Хваробу, калі журналісты выступалі на баку таго ці іншага кандыдата ці былі нават сябрамі перадвыбарчых штабоў, мы, на мой погляд, прафесійна ўжо перажылі. І я не думаю, што такая сітуацыя вернецца.
У любым выпадку выбары будуць праходзіць у новай для нашай краіны сітуацыі, пасля кіеўскага Майдана і расійска-украінскага канфлікту, калі 50/50 падзялілася стаўленне беларусаў да Майдана, да палітычных пратэстаў. Таму я спадзяюся, што ў журналістыцы будзе сур’ёзны прафесійны ўсплёск і нам за гэта нічога не будзе.