У інтэрнэт трапілі базы пароляў з Mail.Ru і Яндэкса
У сетку трапіла база пароляў ад паштовых скрынак Mail.Ru.
У базе змяшчаецца больш за 4,6 млн скрынак, аднак толькі да 800 тысяч з іх ёсць паролі, паведамляе РБК са спасылкай на Habrahabr. Прадстаўнікі Mail.Ru пакуль не каментуюць падзею.
Зранку сёння стала вядома, што ў вольным доступе апынулася больш за 1,2 млн пароляў да паштовых скрынак "Яндэкс.Пошты". Тэкставы файл з лагінамі і паролямі да паштовых скрынак "Яндэкса" з'явіўся на сайце infosliv.ru 7 верасня.
Прадстаўнікі "Яндэкса" адпрэчваюць версію пра ўзлом баз даных паштовага сэрвісу ў выніку хакерскай атакі. У прэс-службе кампаніі кажуць, што звесткі трапілі ў рукі зламыснікаў у выніку фішынгу, заражэння вірусамі персанальных камп'ютараў саміх карыстальнікаў, або пасля таго, як карыстальнік зарэгістраваўся на нейкім "сумнеўным сайце", скарыстаўшыся для зручнасці паролем да сваёй паштовай скрыні.
Пасля ўцечкі базы пароляў у адкрыты доступ сацыяльная сетка "Вконтакте" замарозіла ўсе акаўнты, зарэгістраваныя на электронныя скрыні "Яндэкса". Такая мера будзе дзейнічаць да таго моманту, пакуль уладальнікі акаўнтаў не зменяць паролі.