Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч 15-16 верасня наведае Мінск


Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч 15—16 верасня наведае Мінск з афіцыйным візітам, паведаміў БелаПАН старшы саветнік Міятавіч Гунар Вранг.

Паводле яго слоў, падчас візіту Міятавіч сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускага ўрада, грамадзянскай супольнасці і масмедыя, каб абмеркаваць пытанні свабоды СМІ ў Беларусі.

Акрамя таго, офіс прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ў межах візіту Міятавіч арганізуе аднадзённы семінар "Узаемадзеянне паміж сіламі правапарадку і медыя ў Беларусі". У ім возьмуць удзел прадстаўнікі ўсіх журналісцкіх арганізацый Беларусі. Мерапрыемства арганізаванае сумесна з Міністэрствам замежных спраў Беларусі.

Варта адзначыць, што Міятавіч неаднаразова выступала з крытыкай беларускіх уладаў адносна ўмоў працы журналістаў у краіне. Апошняя яе заява ў чэрвені гэтага года тычылася павелічэння колькасці штрафаў, што накладаюцца на беларускіх журналістаў у апошнія месяцы за працу без акрэдытацыі.

"Я занепакоеная, таму што такая практыка можа эфектыўна забараняць журналістам ажыццяўляць сваю працу, — сказала Міятавіч. — Акрэдытацыя не павінна быць ліцэнзіяй на дзейнасць, а яе адсутнасць не павінна абмяжоўваць журналістаў у здольнасці працаваць і свабодна выказваць сваё меркаванне. Усе журналісты павінны мець тыя ж прафесійныя правы, што і працаўнікі зарэгістраваных СМІ, у тым ліку правы на пошук і распаўсюджванне інфармацыі".

Міятавіч таксама адзначыла, што 5 чэрвеня напісала міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею пра неабходнасць рэфармавання патрабаванняў да акрэдытацыі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.