Чатыры гады таму не стала журналіста Алега Бябеніна
Яго знайшлі павешаным на ўласным лецішчы. Афіцыйная версія — самагубства.
3 верасня 2010 года на ўласным лецішчы ў вёсцы Пярхурава пад Мінскам быў знойдзены павешаным заснавальнік апазіцыйнага сайта Charter97.org Алег Бябенін.
Следства ў якасці папярэдняй прычыны смерці журналіста адразу ж абрала самагубства. Сябры і паплечнікі загінулага, сярод іх Андрэй Саннікаў, Мікалай Халезін, Дзмітрый Бандарэнка, гэтую версію паставілі пад сумнеў. Смерць Алега Бябеніна мела шырокі міжнародны рэзананс.
Пра яго таямнічую смерць пісалі замежныя СМІ, кіраўнік Еўрапарламента заклікаў правесці аб’ектыўнае расследаванне акалічнасцяў смерці журналіста.
Беларускія ўлады запрасілі да ўдзелу ў расследаванні экспертаў-крыміналістаў з краін — членаў АБСЕ. У лістападзе 2010 г. яны апублікавалі вынікі сваёй працы ў Беларусі. Яны прыйшлі да высновы, што журналіст скончыў жыццё самагубствам.
Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1990-я гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Імя».
Заснаваў у 1998 годзе сайт charter97.org і быў яго кіраўніком.