Даклад БХК затрымала мытня (АБНОЎЛЕНА)


Сумесны даклад РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт” (далей- БХК) і арганізацыі “The Equal Rights Trust” затрыманы на мяжы і правяраецца аддзелам кантрабанды.

Такую інфармацыю распаўсюдзіла раніцай 22 жніўня прэс-служба БХК.

Сумесны даклад брытанскіх і беларускіх праваабаронцаў “За паўгадзіны да вясны: даклад аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі”, надрукаваны ў Вялікабрытаніі ды дасланы поштай у Беларусь, быў затрыманы мытняй аэрапорта “Мінск-2”.

Грамадскае аб'яднанне атрымала папярэдні акт дагляду некамерцыйнага грузу: прэтэнзій да яго няма, але груз перададзены для экспертызы ў аддзел кантрабанды. Чаго тычыцца экспертыза, мытнікі не паведамляюць. Тэрміны праверкі – да 31 жніўня.


Фота spring96.org

Як паведаміў старшыня БХК Алег Гулак у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ», папярэдняя партыя кніг (каля 50 асобнікаў) без праблем прыбыла ў Беларусь у сярэдзіне ліпеня. «Кніжка гэтая ўжо ў Беларусі даўно прадстаўлена, прэзентацыя была, і мы накіравалі яе ў дзяржаўныя органы, бо гэта звычайны наш падыход», – зазначыў юрыст. У другой партыі, якая прыбыла на пачатку жніўня, было каля 90 кніг. З чым звязана павышаная ўвага мытнікаў, невядома. БХК накіраваў на мытню афіцыйны запыт з просьбай даслаць копію пастановы аб прызначэнні экспертызы і патлумачыць, што стала падставай для гэткіх дзеянняў, якія пытанні ставяць перад экспертамі, хто будзе праводзіць экспертызу і г. д.

Даклад “За паўгадзіны да вясны: даклад аб дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі”, падрыхтаваны The Equal Rights Trust (ERT) ў партнёрстве з Беларускім Хельсінкскім Камітэтам, з'яўляецца першай усеабдымнай справаздачай аб дыскрымінацыі і няроўнасці на ўсіх падставах і ва ўсіх сферах жыцця ў Беларусі. Ён грунтуецца на шырокіх палявых даследваннях, інтэрв'ю, фокус-группах і сур'ёзным аналізе заканадаўства і палітыкі. Даклад таксама дае шэраг дэтальных рэкамендацый беларускім уладам, якія датычацца неабходных рэформаў у заканадаўстве, палітыцы і практыцы па забяспячэнні роўнасці і недыскрымінацыі.

Нагадаем, што 13 лютага г.г. на беларуска-літоўскай мяжы (“Каменны Лог”) ў кіраўніка прыватнай культурна-асветніцкай установы “Платформа інавэйшн” Андрэя Бандарэнкі мытнікі забралі некалькі асобнікаў гадавой справаздачы пра дзейнасць арганізацыі і накіравалі іх на экспертызу. Пра далейшы лёс гэтых дакументаў не паведамляецца.