Прадстаўнік «Белсата»: «Беларускія незалежныя медыі пераканаліся, што КДБ без прычын нічога не робіць»
Выклікі ў міліцыю Аляксандра Буракова і Міхаіла Аршынскага ў чарговы раз засведчылі, што дзейнасць незалежных журналістаў знаходзіцца пад пільным наглядам сілавых органаў. Асабліва заўважна гэта ў рэгіёнах.
Прычым месцамі ў пошуках “парушэнняў заканадаўства аб СМІ” задзейнічаныя сілы не толькі міліцыі, але і КДБ. Прынамсі, у Магілёве адміністратыўная справа распачатая менавіта пасля праверкі мясцовага УКДБ.
Нагодай для праверкі, нагадаем, стаў паказаны на тэлеканале “Белсат” у 2013 годзе сюжэт пра аварыйны стан будынкаў на адной з магілеўскіх вуліц са сведчаннямі мясцовых жыхароў. Як стала вядома Аляксандру Буракову, у часе праверкі супрацоўнікі КДБ хадзілі па кватэрах з фотаздымкамі журналістаў і прасілі людзей апазнаць, хто браў у іх інтэрв’ю.
Нагадаем, што падобным чынам, праз апытанне герояў журналісцкіх матэрыялаў, дзейнічалі прадстаўнікі праваахоўных органаў і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, у Гродне на журналістаў Аляксандра Дзянісава і Андрэя Мялешку міліцэйскія пратаколы складаліся на падставе паказанняў іх суразмоўцаў – лекараў, рэжысёра тэатра.
Нагадаем, што не вельмі прыемную гутарку з прадстаўнікамі органаў дзяржбяспекі меў нядаўна брэсцкі журналіст Яўген Скрабец. Яму таксама намякалі на перспектыву буйнога штрафу за супрацу з замежным СМІ (“Беларускім Радыё Рацыя”).
Няўжо небяспека "неакрэдытаваных" настолькі вялікая, каб іх выяўленнем займалася КДБ?
Гэтае пытанне прэс-служба ГА “БАЖ” адрасавала прадстаўніку “Белсат” у Беларусі Міхасю Янчуку і старшыні ГА “БАЖ” Жанне Літвіной.
М.Янчук: За многія гады беларускія незалежныя медыі здолелі пераканацца, што КДБ без прычын нічога не робіць. Калі з'явілася ініцыятыва пакараць журналіста – гэта значыць, за ёй ёсць нейкі план выкарыстання гэтага факту ў пазнейшых дзеяннях. Звычайна пік папярэджанняў з пракуратуры для нашых журналістаў за супрацу з незарэгістраваным замежным СМІ прыпадае на час , калі мы складаем чарговую просьбу ў МЗС пра акрэдытацыю. Магчыма, аднак, што гэтым разам актыўнасць у нашым кірунку выкліканая пачаткам новага разгляду ў Вярхоўным Судзе справы пра назву нашага тэлеканала. Гэта будзе 4 верасня. Вярхоўны Суд ануляваў рашэнне, вынесенае на нашую карысць, і прызначыў новы разгляд справы ад пачатку.
Ж. Літвіна: Само з’яўленне адміністратыўнай справы пасля сюжэту пра камунальныя праблемы, канешне, выглядае абсурдам. Гэта чарговая праява палявання на непадкантрольных журналістаў. І чарговае пацвярджэнне таго, што трэба тэрмінова ўнесці змены ў закон “Аб СМІ”, дакладна сфармуляваўшы паняцце “журналіст”. Таксама тэрмінова трэба прыняць рашэнні, якія б спрыялі ўзаемаразуменню і ўзаемадзеянню журналістаў і праваахоўных органаў.