Сучасныя выклікі для журналістыкі: інфармацыйная вайна, прапаганда, чуткі ў сацыяльных сетках. Што адкажа прафесійная супольнасць?
18 жніўня ў Мінску адбылася дыскусія з удзелам журналістаў і рэдактараў інфармацыйных агенцтваў, друкаваных і інтэрнэт-выданняў. Як правяраць факты? Як дзейнічаць ва ўмовах інфармацыйнай вайны? Як раздзяліць сваю грамадзянскую пазіцыю і прафесійную дзейнасць? Якім крыніцам давяраць?
Акрамя гэтых пытанняў, удзельнікі дыскусіі абмеркавалі магчымыя спосабы пашырэння аплаты за інтэрнэт-кантэнт. Адбылася таксама прэзентацыя новага інфармацыйнага праекта кампаніі tut.by “Pro Business”.
У дыскусіі ўзялі ўдзел каля 30 журналістаў, рэдактараў, выдаўцоў і медыяэкспертаў. У тым ліку медыяэксперт Дзмітрый Сурнін (Расія, Літва), беларускі медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, дырэктар інфармацыйнага агенцтва “Ваяр” Андрэй Шубадзераў, рэдактар аддзела навінаў партала tut.by Ганна Калтыгіна, былы супрацоўнік lenta.ru Александр Рамзін (зараз кансультуе tut.by па пытаннях развіцця), беларускія журналісты Антон Сурапін, Аліна Радачынская (mediakritika.by), Арцём Шрайбман (БелаПАН) і іншыя журналісты. Вяла сустрэчу галоўная рэдактарка партала tut.by Марына Золатава. Дыскусія адбылася ў новым офісе tut.by і стала першым грамадскім абмеркаваннем на гэтай пляцоўцы.
Тэрміналогія: новая рэальнасць, старыя назвы
Дзмітрый Сурнін, медыяэксперт з Расіі, які зараз жыве ў Вільні, правёў шмат часу ва Украіне. “Трэба разумець, што сітуацыя там – гэта гісторыя надоўга, – кажа ён. – Таму на ўзроўні рэдакцыі трэба вызначыцца, як пра яе пісаць”. На самой справе пытанне тэрміналогіі, а менавіта – як называць у інфармацыйных паведамленнях удзельнікаў канфлікту, застаецца адкрытым. Зараз у прэсе фігуруюць “апалчэнцы”, “сепаратысты”, “паўстанцы”, “тэрарысты”, і г.д. Многія ўдзельнікі дыскусіі выказалі сумнеў, што гэтыя вызначэнні дакладна адлюстроўваюць сутнасць з'явы. Але як знайсці дакладнае – гэта павінна вырашаць рэдакцыя СМІ, супрацоўнікам якой варта мець адзіны падыход.
“Давяраю тым, хто сумняецца”
Дзе браць інфармацыю і якім крыніцам давяраць? Сваім спосабам вылучэння праўдзівай інфармацыі дзеліцца Дзмітры Сурнін, медыяэксперт: “Першае – давер да крыніцы. Я давяраю маім знаёмым журналістам, бо ведаю, як яны працуюць з інфармацыяй. Па-другое – я давяраю людзям, якія сумняюцца і дапускаюць, што яны могуць памыляцца. Звычайна гэта бачна па фармулёўках. Таксама варта давяраць інфармацыі, якую можна пацвердзіць з розных крыніцаў...” Па словах Д. Сурніна, варта правяраць інфармацыю і праз агульнадасяжныя дадзеныя ў Інтэрнэце. У прыватнасці, гэта працуе, калі гаворка ідзе пра прымяненне відаў зброі. “Сведчанні відавочцаў падчас канфлікту ва Украіне, на жаль, паказалі сябе вельмі ненадзейнай крыніцай", – адзначае Дзмітрый Сурнін.
Андрэй Шубадзёраў прывёў нядаўнія прыклады інфармацыйных паведамленняў пра выкарыстанне зброі, якія з-за недакладнай падачы ў СМІ ператварыліся ў дэзінфармацыю і патрабуюць абвяржэння. Сп. Шубадзёраў прапанаваў усім звяртацца да яго па адказы на пытанні па ваеннай тэматыцы і кансультацыі праз акаўнт Андрэй Шубадзёраў у сацыяльнай сетцы Facebook.
Куды дрэйфуе медыяпрастора?
Беларускі медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі карыстаецца інфармацыяй, якую размяшчаюць дзеючыя дзяржаўныя асобы ў сацыяльных сетках – як, напрыклад, Міністр унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў. Таксама медыяэксперт раіць параўноўваць паведамленні розных інфармацыйных агенцтваў. П. Быкоўскі нагадаў пра традыцыйны спосаб здабычы інфармацыі з гарачых кропак, які існаваў яшчэ да лайкаў і бясконцага sharing’а у сацсетках. “Як інфармацыйныя агенцтвы здабываюць інфармацыю з гарачых кропак? Яны пасылаюць туды журналіста, які перадае тое, што чуе і бачыць. Калі ён сядзіць у акопе – ён перадае, што сядзіць у акопе. З мноства такіх сведчанняў атрымліваецца агульная карціна", – сказаў Паўлюк Быкоўскі.
Паўлюк Быкоўскі зазначыў, што інфармацыйная прастора ў апошнія месяцы сур’ёзна змянілася. У прыватнасці, пра гэта гаворыць выкарыстанне аўтарытэтнымі інфармацыйнымі агенцтвамі фэйкавых назваў (напрыклад “Новороссия”) і неправераных фактаў. “Гэта істотна адрознівае асвятленне канфлікту ва Украіне ад канфлікту ў Грузіі ў 2008 годзе", – гаворыць Паўлюк Быкоўскі. Выкарыстанне інфармацыйнымі агенцтвамі ў сваіх паведамленнях неправераных ці непацверджаных фактаў вядзе да таго, што інфармацыя абвяргаецца, у тым ліку і праз сацыяльныя сеткі. Сацыяльныя сеткі адыгралі сваю ролю ў справе інфармавання пра бягучыя падзеі. На думку медыяэксперта, зараз аўдыторыя ўсё часцей рэагуе не на тое, што “паведамілі СМІ”, а на хвалю чутак, якая распаўсюджваецца ў сацсетках. “Гэта даволі цікава, але я не ўпэўнены, што ў журналістаў ёсць вопыт, як з гэтым працаваць, як ацаніць гэтую з’яву і яе ўраўнаважыць. Але мы працуем у такім кантэксце – грамадская думка ўжо сфармаваная тэлеканаламі і паведамленнямі ў сацыяльных сетках яшчэ да таго, як выйшла інфармацыйнае паведамленне", – канстатуе Паўлюк Быкоўскі.
Плаціць за інфармацыю: не хочацца, але трэба
Яшчэ адзін выклік для інтэрнэт-СМІ – распрацоўка і прапанова аўдыторыі платнага кантэнту. Ва ўмовах Беларусі, калі попыт на такую паслугу вельмі нізкі, а прапановаў яшчэ менш, інтэрнэт-пляцоўкі з платным зместам і падпіскамі выглядаюць выключна як трапная інвестыцыя ў будучыню. Менавіта такім бачыцца новы праект кампаніі tut.by – “Pro Business”. Яго прэзентацыя адбылася на сустрэчы ў офісе партала 18 жніўня. Стваральнікі плануюць прадставіць аўдыторыі платны кантэнт уласнай вытворчасці, а таксама набыты ў іншых выдаўцоў.
Наступная сустрэча-дыскусія па актуальных для медыя пытаннях адбудзецца праз месяц.