Праграмнаму дырэктару «Беларускага Радыё Рацыя» Юрыю Ляшчынскаму зноў адмовілі ва ўездзе ў Беларусь


Як паведаміў сайт www.racyja.com, адпаведны штамп пастаўлены ў пашпарце журналіста беларускім консульствам у Беластоку без тлумачэння прычын 14 жніўня. Юрый Ляшчынскі падаваў дакументы на атрыманне аднаразовай візы ў турыстычных мэтах.


Ю. Ляшчынскі. Фота racyja.com

Аналагічная адзнака была пастаўлена ў пашпарце Ляшчынскага і ў жніўні мінулага года. “Яшчэ маю ў старым пашпарце два штампы, якія анулююць візу, – падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і яшчэ раней. Чаму цяпер не хочуць даць візы ў прыватных турыстычных справах, каб наведаць сяброў у Мінску і Гародні, гэтага я не ведаю, – кажа Ю. Ляшчынскі.

Па падліках сп-ра Ляшчынскага, у 2013 годзе беларускія ўлады адмовілі ў візах чатыром супрацоўнікам “Беларускага Радыё Рацыя”. Некалькі гадоў не можа трапіць на тэрыторыю Беларусі старшыня ўправы радыёстанцыі Яўген Вапа.   

“Тое, што ў Рэспубліцы Беларусь гаворыцца пра супрацу з суайчыннікамі за мяжой, пра пацяпленне адносінаў з Польшчай ці Еўразвязам – гэтае пацяпленне толькі на словах. А на практыцы пацяплення няма, ёсць “лепшыя” беларусы, ёсць “горшыя” беларусы замежжа, якія не падабаюцца ўладзе ў Мінску”, – зазначае журналіст.