Каманда ГА «БАЖ» заняла другое месца ў футбольным турніры «Кубак Свабоды – 2014»


У Мінску 9 жніўня прайшоў 18-ы турнір па футболе "Кубак Свабоды" памяці беларускага палітыка Генадзя Карпенкі.

У гэтым годзе ў турніры бралі ўдзел 12 каманд. Па выніках лёсавання яны былі размеркаваны на чатыры групы. У першай згулялі каманды аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух", Партыі БНФ і тэлеканала "Белсат", у другой – Аб'яднанай грамадзянскай партыі, руху "За Свабоду" і арганізацыі "Маладая Беларусь", у трэцяй – ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», газеты "Наша Ніва" і сацыял-дэмакратаў, у чацвёртай – Беларускага Хельсінкскага камітэта, аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Беларускай партыі левых "Справядлівы свет".

Турнір "Кубак Свабоды" праводзіцца з 1997 года. Спаборніцтвы былі прымеркаваны да прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў Генадзь Карпенка. Пасля смерці палітыка турнір назвалі яго імем.

У фінале сацыял-дэмакраты выйгралі ў леташняга чэмпіёна – каманды ГА «БАЖ». Трэцяе месца заняў "Беларускі рух".