“Мы не залежым ні ад палітыкаў, ні ад чыноўнікаў – наш тэлеканал утрымліваюць мёртвыя”
Як выжывае рэгіянальнае тэлебачанне ў Грузіі? За кошт чаго яму ўдаецца захаваць сваю незалежнасць? Ці вісіць над журналістамі пагроза цэнзуры і самацэнзуры? Хто прыйдзе на дапамогу, калі калег напаткаюць праблемы?
Наяўнасць у Батумі, не такім ужо вялікім па нашых мерках горадзе, уласнага мясцовага тэлеканала мяне не надта здзівіла – гэтым могуць пахваліцца і беларускія гарады раённага маштабу. Тое ж, да прыкладу, Маладзечна. А вось тое, што на такім рэгіянальным тэлебачанні ёсць гадзінная праграма, прысвечаная палітыцы і яе аналізу, якая выходзіць у прамым эфіры пяць разоў на тыдзень, апроч суботы і нядзелі, – здзівіла надзвычайна. У параўнанні, зноў такі, з нашымі мясцовымі тэлеканаламі. Прычым гэта палітычнае ток-шоу выходзіць у прайм-тайм – у 21.30, адразу пасля вечаровага выпуску навін.
Як такое магчыма? Пра гэта і вырашыў найперш пацікавіцца ў Ірмы Зойдзе (Irma Zoidze), прадзюсара гэтага палітычна-аналітычнага ток-шоу, што выходзіць на рэгіянальным тэлебачанні Батумі “25 канал”.
– Ці вывучалася меркаванне гледачоў: наколькі людзям у рэгіёне цікава ў гэты вечаровы час, прычым штодня, глядзець не серыялы, а палітычную праграму з аналітыкай?
– Праграма – інтэрактыўная: кожны ахвотны можа патэлефанаваць і ў прамым эфіры задаць гасцям пытанне ці выказаць сваё меркаванне па тэме, якая ў гэты дзень абмяркоўваецца. І па актыўнасці тэлефанаванняў людзей мы можам вызначыць, наколькі гледачам цікавая наша праграма, абраная намі тэма...
Тэлефанаванняў вельмі шмат. Звычайна праграма падзеленая на два блокі: у першым два госці абмяркоўваюць адну тэму, потым, у другім блоку, тэма мяняецца. Але калі тэма актуальная і выклікае вялікую цікавасць гледачоў, то мы робім адзін блок. Дарэчы, міжнароднае агенцтва праводзіла ў нашым рэгіёне апытанне, і звыш 60% апытаных сказалі, што рэгіянальныя навіны даведваюцца менавіта праз наш канал. А тыя, хто атрымлівае інфармацыю ад нас, сказалі, што цалкам ёй давяраюць.
– Гадзінная праграма выходзіць пяць разоў на тыдзень. Палітыкаў і экспертаў хапае ў вашым рэгіёне, каб запоўніць эфір?
– Тэм хапае, а вось гасцей, на жаль, – не. Але не таму, што ў нас недастаткова палітыкаў. Проста не ўсе прадстаўнікі мясцовых уладаў пагаджаюцца прыйсці ў госці.
– А ў чым справа – вас лічыць несумленнымі журналістамі ці апазіцыйным СМІ?
– Зараз нас ужо апазіцыйным каналам не лічаць. Але сцвярджаюць, што наш вядучы – тэндэнцыйны. А ўсё з-за таго, што ён задае пытанні, цікавыя людзям, а не тыя, якія былі б прыемныя гасцям студыі. Не раз ужо было, што з-за пытанняў вядучага і вострых пытанняў ад людзей па тэлефоне яны сыходзілі са студыі вельмі злымі. Маўляў, і вядучы мог бы быць не такім “вострым”, і тэлефанаванні асабліва непрыемныя маглі б не прапускаць. Найперш гэта тычыцца чыноўнікаў высокага ўзроўню.
Цікавы выпадак раскажу. Ёсць у нас адзін палітык, і калі ён быў у апазіцыі, то не проста прыходзіў да нас у эфір па першым тэлефанаванні, але і сам прасіў, каб мы яго запрашалі як мага часцей. Зараз ён на выбарах заняў высокую пасаду і пасля некалькіх эфіраў заявіў, што больш ніколі да нас прыходзіць не будзе. А ўсё з-за таго, што “цяпер у нас пытанні да яго не такія, як раней”.
І ён не адзін такі былы апазіцыянер, які пасля абрання на пасаду адмовіўся да нас прыходзіць. Міністр эканомікі і фінансаў вельмі рэдка прыходзіць. Мы, дарэчы, вельмі любім прымаць у студыі шараговых сябраў партыі, а не кіраўніцтва, бо яны могуць сказаць праўду пра тое, што ў іх у партыі адбываецца...
– Хітрая ў вас палітыка – яны ж могуць сказаць нешта “непаліткарэктнае”!
– Сапраўды. Днямі да нас прыйшла адна жанчына, сябра партыі – па шчырасці, мы адмыслова запрашалі кагосьці з шараговых сябраў менавіта гэтай партыі, бо да нас дайшлі чуткі пра фальсіфікацыі на ўнутрыпартыйных выбарах. І яна пацвердзіла гэтыя чуткі. Прычым, падчас эфіру патэлефанавалі яшчэ некалькі сяброў гэтай партыі і пацвердзілі яе словы. Праз пэўны час яе з партыі выгналі – за “дыскрэдытацыю”. Але яна да гэтага была гатовая – сама не хацела больш быць у такой партыі.
– А пытанні па тэлефоне людзі задаюць “у тэму”?
– Мне падабаюцца нашы гледачы і іх пытанні: тэлефануюць людзі адэкватныя і задаюць такія… дакладныя пытанні! Асабліва, калі па выніку выступу госця вядучаму не вельмі зручна агучыць нейкія высновы, а людзі па тэлефоне не саромеюцца і проста ў лоб свае высновы выказваюць. А вось чыноўнікі пакідаюць зусім іншае ўражанне: я ўпэўнілася, што яны практычна ніколі не прыслухоўваюцца да таго, што ім кажуць людзі. Ніколі не было, каб пасля нейкага тэлефанавання чыноўнік сказаў: “Мы падумаем над гэтым, мы будзем гэта мець на ўвазе”. Яны пачынаюць апраўдвацца і даводзіць сваё. Альбо агрэсіяй адказваюць на нязручныя пытанні ці меркаванні людзей, альбо проста іх ігнаруюць. На жаль.
– Як вы лічыце – чаму чыноўнікі так сябе паводзяць? Іх жа ў вас не прызначаюць, як у нас, а абіраюць?
– Я сама пастаянна такое ж пытанне сабе задаю! Да прыкладу: “Што падумае пра мяне той чалавек, які мяне абірае, пасля таго, што я скажу”? А бывае і так, што палітык нешта такое кажа і зусім не думае – павераць яму людзі ці не? Ён упэўнены, што яму абавязкова павінны верыць, без усялякіх сумневаў.
Аднойчы да нас прыйшоў прадстаўнік кіраўнічай фракцыі парламента. На пытанне вядучага ён дае такі адказ, у якім зусім няма адказу. Вядучы перапытвае – ізноў адказу няма. Яшчэ раз – і ізноў не адказ, а нейкая “вада”. Пасля эфіру гэты парламентарый кажа нам: “Навошта вы мяне перапытваеце пра адно і тое ж? Я адказваю на пытанне так, як я адказваю, і не трэба мяне наноў пра гэта ж пытацца!” Мы кажам: “Вы, можа, і адказалі так, як вы хацелі, але мы адказу не атрымалі. Мы не стойкі для мікрафона, і нам патрэбны дакладны адказ, калі мы задаём пытанне!” Карацей, не думаю, што ён да нас яшчэ раз прыйдзе. Ну, хіба што калі зноў апынецца ў апазіцыі! Не магу перадаць, як мяне такое нахабства і самаўпэўненасць чыноўнікаў і палітыкаў выводзіць з сябе!
– Аджарыя – не такі ўжо і вялікі рэгіён, і за 20 гадоў працы ў журналістыцы вы і ў рэгіёне, а тым больш у самім Батумі, ведаеце, напэўна, практычна ўсіх. Відаць, складана крытыкаваць, задаваць непрыемныя пытанні тым, каго добра і даўно ведаеце, з кім, магчыма, сябруеце ці маеце роднасныя сувязі?
– Я не хачу, каб у горадзе была карупцыя, каб нехта з чыноўнікаў злоўжываў сваім становішчам. І пра такую пазіцыю ведаюць мае сваякі, што знаходзяцца ва ўладзе. Калі усё ж ўзнікае такі канфлікт інтарэсаў, то я ў студыі не з’яўляюся. Але гэта не азначае, што ў мяне пытанняў няма.
Што да маіх сяброў ва ўладзе, то тут я не толькі са студыі не сыходжу, але і сама задаю ім розныя пытанні. І калі пытанні для іх непрыемныя, яны ўсё адно ведаюць, што раблю я так не таму, што хачу ім нашкодзіць, а таму, што хачу, каб яны рабілі на сваёй пасадзе для людзей добра. А калі яны гэта не ўмеюць рабіць – няхай ідуць на іншую працу! Можа, гэта і не вельмі добра, але я такая вось.
Не так даўно ў нашай праграме быў мой даўні сябра: у мінулым – кіраўнік няўрадавай арганізацыі, а зараз – чыноўнік на дзяржаўнай працы. І я яму жорстка задавала вострыя пытанні. Ён мне кажа: “Ірма, ты, відаць, забылася: я зараз не ў няўрадавай арганізацыі, а ва ўрадзе”. На што я адказала: “Сапраўды, я бачу, што ты зараз ва ўрадзе, бо я цябе не пазнаю, і ў мяне такое ўражанне, што я размаўляю з зусім іншым чалавекам”. Часам з-за гэтага адносіны псуюцца. Але я ўпэўненая: на пасады іх абралі людзі не для таго, каб гэтым абраным было добра, а для таго, каб яны рабілі канкрэтную і карысную для людзей справу. Такая вось у мяне пазіцыя.
– Ці ёсць у вас цэнзура? Альбо самацэнзура – калі, перш чым задаць пытанне, думаеш, ці не будзе з-за гэтага праблем у мяне асабіста і ў майго тэлеканала?
– Я ў журналістыцы ўжо 20 гадоў. І, магчыма з-за таго, што працую ў рэгіянальным СМІ, я ніколі не баялася задаваць любыя самыя вострыя пытанні. А зараз у мяне такі начальнік, які нават не пытаецца, якая тэма будзе ў наступнай праграме абмяркоўвацца. Быў час, калі ён казаў: “Паглядзіце, высокія кіраўнікі не хочуць да нас на эфір прыходзіць – зрабіце так, каб яны захацелі да нас ісці”. Але я на гэта заўжды адказвала: “Калі ён адмаўляецца да нас прыходзіць, то гэта азначае, што ён не хоча размаўляць не з Ірмай Зойдзе, а з тымі простымі людзьмі, якія глядзяць наш канал, нашу праграму”. На тым і разышліся. Не, ну сапраўды! Ты можаш пасварыцца з Ірмай Зойдзе, можаш з ёй не вітацца, можаш называць нас тэндэцыйнымі, але ж гэта прамы эфір – прыходзь і кажы тое, што ты хочаш і што лічыш патрэбным! Гавары з людзьмі! Не, у нас няма ні цэнзуры, ні самацэнзуры.
– І ніколі пазіцыя канала не мянялася разам са зменай улады, зменай прэзідэнтаў?
– Мы ніколі палітыку канала не змянялі. Бо мы залежым ад людзей. Калі б наш канал утрымліваў нейкі палітык ці палітычная сіла, тады нейкая цэнзура на канале была б. Але як нам паступаюць грошы? Звычайнай рэкламы вельмі мала. Але калі памірае чалавек у рэгіёне, у Аджарыі, то сям’я прыносіць абвестку, што пахаванне там і тады, а сваякі, знаёмыя і іншыя людзі прыносяць спачуванні, плацяць за гэта грошы. Грошы не малыя – 50 лары каштуе адна абвестка (каля 10 долараў). А ў дзень бывае да 150 такіх абвестак.
Ну, і яшчэ ёсць гранты. Да прыкладу, канкрэтна наша праграма існуе за кошт грантаў, але калі браць цалкам канал, то ён існуе за кошт такіх прыватных абвестак.
У нас кажуць: “Мёртвыя нас кормяць”. І, па вялікім рахунку, так яно і ёсць. Калегі з нас пасмейваюцца, але гэта дае нам незалежнасць ад любых палітычных сіл. Праўда, з-за гэтага ў нас заўжды было шмат праблем. І нават са старой уладай, падчас кіравання Міхаіла Саакашвілі. Дайшло да таго, што людзі, якія валодалі каналам, прадалі яго тым, хто на той момант быў у складзе кіруючай фракцыі. Але калі мы пра гэта даведаліся, то гучна пра гэта сказалі. Напэўна, гэта выглядала смешна, але мы звярнуліся да іх з ультыматумам: “Мы ведаем тых, хто купіў наша канал, і просім вас прадаць свае акцыі”. І так атрымалася, што гэтыя людзі сапраўды прадалі свае акцыі, 50% іх, аднаму бізнесмену. Я думаю, што той бізнесмен не хацеў станавіцца ўладальнікам тэлеканала, але яны далі яму гэтыя акцыі. Не ведаю, ці заплаціў ён што-небудзь за гэтыя акцыі. Але галоўнае – тэлебачанне засталося свабодным ад палітычнага ўладарання. Сам гэты бізнесмен, якія нібыта стаў уладальнікам канала, ні ў што не ўмешваецца і прыходзіць да нас толькі па святах. Мяркую, зараз яму падабаецца, што ў яго ёсць свой канал – гэтым можна пахваліцца. Асабліва з улікам таго, што на нас яму не трэба траціцца. Некалькі разоў канал закрывалі ўлады, але потым ён ізноў пачынаў працаваць. Карацей, так і жывём.
– А якога ўзроўню палітычныя тэмы ў вашых праграмах ўздымаюцца – выключна мясцовыя, Аджарыі, ці закранаеце і агульнанацыянальныя, усясветныя?
– Тэму чарговай праграмы я вызначаю сама. І я разважаю такім чынам: калі мы возьмем нацыянальную праблему, то наўрад ці мы яе зможам абмеркаваць так, як, да прыкладу, на нацыянальным тэлеканале. І гэта не будзе цікава той аўдыторыі, якая глядзіць нас. Таму я заўжды арыентуюся на рэгіянальныя пытанні ці пытанні, якія разглядаюцца цэнтральнымі ўладамі, парламентам альбо ў міністэрствах, але якія закранаюць рэгіёны, людзей, якія жывуць тут. А за міжнародныя тэмы мы ўвогуле не бяромся – няма ў нас для гэтага рэсурсаў. Я, на жаль, не бачу тут людзей, якія кампетэнтна пра гэта маглі б гаварыць. Інакш бы – з задавальненнем!
– Ну а падзеі ва Украіне і пазіцыя Расіі – ці сярод вашай аўдыторыі няма тых, хто тымі падзеямі цікавіцца?
– Ёсць, канешне, такія людзі. Але пра гэтыя падзеі так шмат гавораць па цэнтральных тэлеканалах з такой колькасцю розных людзей, што я так і не наважылася пакуль прысвяціць праграму гэтай тэме. Нам трэба думаць, як трымаць аўдыторыю. А як гэта лепш зрабіць? Нават калі ў Батумі быў міністр фінансаў Грузіі і прыйшоў на нашу праграму, то пытанні мы яму задавалі выключна тыя, якія тычыліся нашага рэгіёна. І людзям гэта было цікава. Таму – найперш праблемы рэгіёна. Такая ў нас рэдакцыйная палітыка.
– Нармальнае жаданне – кар’ерны рост, праца ў нацыянальным СМІ, у сталіцы…
– Не буду казаць за астатніх, але асабіста ў мяне адзінае жаданне: каб мясцовыя ўлады заўсёды адчувалі, што за імі пастаянна назіраюць, што іх праца пад кантролем. А ўсё астатняе: каб нас ведалі, папулярнасць – я пра гэта не асабліва думаю. Я ніколі не думала, што з-за таго, што я ў рэгіёне, а яны – у сталіцы, то я горш за іх, ці яны – лепш за мяне. Магчыма нават, што ў пэўных выпадках я больш прафесійная, чым яны – сталічныя журналісты з буйных СМІ. Я адчуваю сябе вельмі добра там, дзе я ёсць, і задаволеныя тым, чым займаюся. Думаю, што я раблю вялікую працу, у мяне значная роля ў рэгіёне. У мяне няма комплексу рэгіянальнага журналіста. Наадварот – мне падабаецца, што я ў Батумі жыву, каля мора, што я дзяўчына з такога гарадка.
– Раней ва ўсіх рэспубліках СССР былі свае Саюзы журналістаў. Пасля развалу кожная краіна пайшла сваім шляхам: дзесьці па-ранейшаму ёсць Саюзы журналістаў, недзе знайшлі іншыя формы самаарганізацыі журналістаў. Ну, каб было куды звярнуцца ў выпадку ўзнікнення праблем. У Грузіі з гэтым як?
– На жаль, арганізацыі такой у нас няма. Але, калі нехта з журналістаў кажа, што яму, да прыкладу, пагражалі ці нешта іншае непрыемнае здарылася, то мы імгненна аб’ядноўваемся. Бо ведаем: калі сёння мы не аб’яднаемся для падтрымкі гэтага журналіста, то калі заўтра будзе і табе дрэнна, і цябе ніхто не падтрымае. Мы падтрымліваем адзін аднаго, але я не магу сказаць, што мы такая дружная супольнасць і ўсе мы сябруем паміж сабой – на жаль, гэта не так. Відаць, нейкая канкурэнцыя ў прафесіі свой адбітак накладае на адносіны. Але, нягледзячы на гэта, усе выдатна разумеюць: мы павінны падтрымліваць адзін аднаго. І мы не лянуемся дэманстраваць сваю салідарнасць. Нават тут, у Батумі, некалькі разоў было так, што мы аб’ядноўваліся, каб падтрымаць калег, а яны, у сваю чаргу, падтрымалі нас, калі ў гэтым ўзнікла патрэба.
Так, нам часам цяжка, але нам больш камфортна, чым беларускім журналістам. Прынамсі, мне так здаецца. Бо мы маем больш свабоды. Так, моцна стамляемся, шмат думаем і над тым, каб гледача заваяваць, і каб практычная карысць простым людзям ад нашай працы была. Ведаеш, у чым я сябе пастаянна вінавачу? У тым, што, відаць, не ўсё так добра робім для таго, каб нашы чыноўнікі не адчувалі сябе недатыкальнымі звышасобамі, якім дазволена ўсё. Але пажывём, павучымся – і нешта атрымаецца!