Невядомыя ўзламалі сайт “ЕўраБеларусі” і публікавалі там правакацыйныя матэрыялы пра Украіну


Рэдакцыя сайта міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” заяўляе пра небывалую хакерскую атаку на рэсурс. Цягам некалькіх дзён невядомыя размяшчалі на сайце www.eurobelarus.info правакацыйныя матэрыялы пра падзеі ва Украіне і актыўна распаўсюджвалі іх у сацыяльных сетках.

Па словах рэдактара выдання Андрэя Александровіча, атака на сайт пачалася ў мінулы чацвер.

– Мы заўважылі надзвычайны рост колькасці наведвальнікаў, якія чамусьці заходзілі не на галоўную старонку выдання, а на нейкі ранейшы матэрыял. Як высветлілася, гэты матэрыял меў правакацыйны змест, і да яго размяшчэння рэдактары сайта не мелі ніякага дачынення.

У фальшывым артыкуле паведамлялася, што палякі на Львоўшчыне нібыта пачынаюць збіраць подпісы за далучэнне вобласці да Польшчы. Але самае цікавае, што матэрыял быў напісаны вельмі прафесійна і актыўна раскручваўся ў сацыяльных сетках, – гаворыць Александровіч.

Апроч гэтага невядомыя ўносілі праўкі і ў іншыя матэрыялы, датычныя ўкраінскіх падзеяў, мяняючы змест публікацый.

Па словах рэдактараў сайта “ЕўраБеларусі”, пасля хакерскай атакі старонка трапіла і ў блэк-ліст вядомай расійскай пошукавай службы “Яндэкс”. “Яндэкс” зафіксаваў на сайце падазроную актыўнасць і пачаў папярэджваць усіх карыстальнікаў пра яго нібыта шкодны змест.

Самі аўтары выдання звязваюць гэтыя падзеі з актыўнай пазіцыяй рэдакцыі ў асвятленні расійска-украінскага канфлікту: з першых дзён супрацьстаяння на сайце актыўна напаўняецца адмысловая рубрыка “Падзеі ва Украіне. Погляд з Беларусі”.