Матэрыял Юрася Карманава з месца падзення збітага «Боінга» атрымаў статус «Еўрабіт»
Гэта ўжо трэці рэпартаж журналіста пра падзеі ва Украіне, які эксперты вызначылі як найлепшы матэрыял тыдня.
Інфармацыю пра статус «Eurobeat» распаўсюдзіў Niko Price, кіраўнік еўрапейскага бюро “Associated Press”. Тэкст беларускага журналіста прызнаны самым запатрабаваным падпісчыкамі сярод усіх падрыхтаваных еўрапейскімі рэдакцыямі «AP» матэрыялаў.
“Гэта быў адзін з самых складаных тэкстаў у маім жыцці. Разарваныя чалавечыя целы – гэта тое, на што вельмі цяжка глядзець, – прызнаўся ў гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” Юрась, які з 29 ліпеня зноў знаходзіцца на ўсходзе Украіны. – Па-другое, рэпартаж пісаўся ў надзвычай неспрыяльных і небяспечных умовах, бо якраз у часе яго падрыхтоўкі быў выкрадзены наш аператар Юрый Увараў, і нам давялося вызваляць з палону калегу, шукаць крыніцы ў апалчэнні ДНР... Да таго ж, такой колькасці дэзінфармацыі, якая паступае з расійскіх СМІ, мы раней ніколі не чулі. Выцерабіць з гэтай лавіны сутнасць і разабрацца, што насамрэч адбылося, вельмі складана...”
Нагадаем, што таксама мелі статус «Eurobeat» лютаўскі рэпартаж Юрася Карманава з кіеўскага Майдана і сакавіцкі – з усходу Украіны.
Сябра Праўлення ГА “БАЖ”, старшыня журы конкурса “Вольнае слова” Юрась Kaрманаў асвятляе падзеі ва Украіне, Беларусі, Расіі і іншых былых савецкіх краінах для “Associated Press” з 2000 года.
Ганарымся сваім калегам!