У Беларусі збіраюць подпісы супраць расійскіх каналаў
Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, абураныя "неаб'ектыўным асвятленнем драматычных падзей ва Украіне тэлевізійнымі каналамі "Россия-1", "Россия-24", "Russia Today" і іншымі расійскімі тэлеканаламі, якія транслююцца ў нашай краіне", распачалі збор подпісаў з мэтай спыніць вяшчанне найбольш заангажаваных тэлепраграм.
У прыватнасці, у складзеных зваротах патрабуецца:
"- Спыніць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вяшчанне, уключаючы вяшчанне па кабельным тэлебачанні, тэлепраграм «Нядзельны вечар», «Спецыяльны карэспандэнт», «Весткі тыдня», "Прамы эфір" на тэлеканале "РТР-Беларусь" ("Россия-1"), іншых інфармацыйна-палітычных тэлепраграм і навінавых выпускаў ўсіх расійскіх тэлеканалаў у частцы інфармацыі пра падзеі ва Украіне;
- Ініцыяваць афіцыйны звароты Генеральнай Пракуратуры Рэспублікі Беларусь: да Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай прыняцця міністэрствам мер рэагавання, да праваахоўных органаў Расіі ў парадку выканання артыкула 354 КК РФ "Публічныя заклікі да развязвання агрэсіўнай вайны", а таксама да міжнародных арганізацый з мэтай распачынання крымінальнага пераследу расійскіх тэлежурналістаў Дзмітрыя Кісялёва, Уладзіміра Салаўёва, Аркадзя Мамантава, Барыса Карчэўнікава і іншых асоб;
- Прыняць неабходныя меры для больш хуткай арганізацыі вяшчання на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аднаго дзяржаўнага або некалькіх найбуйнейшых тэлеканалаў Украіны, беларускага незалежнага тэлеканала "Белсат", расійскага тэлеканала "Дождь";
- У самыя кароткія тэрміны - адзін месяц - арганізаваць грамадскія слуханні па дадзенай праблеме з прадстаўнікамі ўсіх структур, на імя якіх мы накіроўваем дадзены зварот, а таксама з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадскасці".
Звароты накіруюць у Генеральную пракуратуру, Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі.