Затрыманага Мікіту Броўку вызвалілі пасьля размовы з прадстаўнікамі крымінальнага вышуку


Мікіту Броўку затрымалі людзі ў цывільным 25 ліпеня прыкладна ў 12:30 ва Ўруччы. Пра затрыманьне паведаміў сьведка, які аказаўся побач.

Як пасьля распавёў Радыё “Свабода” Броўка, прадстаўнікі спэцслужбаў ведалі пра месца яго знаходжаньня, бо, верагодна, праслухоўвалі яго тэлефон. 

Актывіста завезьлі ў міліцыю Савецкага раёна, дзе правялі размову, зьнялі адбіткі пальцаў, а таксама прапанавалі адказаць на некалькі пытаньняў праз дэтэктар хлусьні. Актывіст адмовіўся.

Пасьля ў міліцыю прыехаў ваенны камісар Менскага раёна, які ўручыў Мікіту Броўку позву на мэдычнае абсьледаваньне.

Мікіта Броўка зьяўляецца моладзевым актывістам і каардынатарам грамадзка-культурнай ініцыятывы Арт Сядзіба, а таксама журналістам газэты «Новы час». Апошнім часам Броўка займаўся арганізацыяй беларускіх канцэртаў.