За дзесяць месяцаў мытнікі так і не вырашылі, што рабіць з кнігай Валера Карбалевіча


Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Малочка атрымаў чарговы ліст з Ашмянскай мытні. Роўна праз 10 месяцаў пасля выняцця кнігі “Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт” кіраўніцтва мытні паведаміла, што дагэтуль так і не вызначылася з экспертнай арганізацыяй, якая магла б паставіць кропку ў лёсе выдання.

Нагадаем, што 14 верасня 2013 года пры вяртанні з Літвы на мытні ў Малочкі забралі асобнік кнігі Валера Карбалевіча – нібыта для праверкі на экстрэмізм. Праверкай займалася Галоўнае ўпраўленнне ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама.

Прачакаўшы адказу 4 месяцы актывіст вырашыў сам патурбаваць мытнікаў і накіраваў ліст з просьбай азнаёміць яго з экспертным заключэннем. Экспертнага заключэння яму так і не даслалі, але паведамілі, што кнігу ён можа забраць “па месцы захоўвання”.

Але 18 лютага 2014 года ад начальніка мытні Івана Нівяркевіча прыйшоў новы ліст: ён пісаў, што папярэдні ліст быў “несапраўдным”, бо экспертыза гродзенскіх ідэолагаў, не дала адказаў на пастаўленыя пытанні. Таму кніга была накіравана ў рэгіянальны аддзел КДБ, каб даследаваць яе на прадмет аднясення да пераліку тавараў, забароненых да ўвозу на тэрыторыю Мытнага саюзу.

На гэтым, па словах Аляксандра Малочкі, справа і “заглохла”. Цяпер актывіст збіраецца скардзіцца ў Дзяржаўны мытны камітэт і пракуратуру.