Новы праект «The Guardian» стартаваў з «беларускай» тэмы
Брытанская газета “Guardian” 9 чэрвеня запусціла на сваім сайце адмысловы праект пад назвай “Новы Усход” (“New East”).
У супрацоўніцтве з цэлым шэрагам рэгіянальных экспертаў выданне будзе прэзентаваць, асвятляць і аналізаваць апошнія падзеі ў 15-і дзяржавах, што ўтварыліся пасля распаду Савецкага Саюза – у тым ліку ў Беларусі.
“За час, што мінуў з той пары, адныя пабудавалі капіталізм, а іншыя працягнулі існаванне на калектыўных пачатаках. Адныя паставілі ў галаву вугла прынцып свабоды волевыяўлення, іншыя жывуць ва ўмовах дыктатуры. Адныя сталі багацей, іншыя захраслі ў галечы. Адныя жывуць у міры, іншыя вядуць узброеныя дзеянні. Але ва ўсіх гэтых постсавецкіх дзяржаў засталося адно агульнае – іх мінулае, якое незалежна ад таго, ганарацца ім ці засмучаюцца з яго нагоды, дагэтуль напаўняе сабой усе сённяшнія падзеі”, – гаворыцца ў анонсе новага праекту.
Дарэчы, першым матэрыялам новай рубрыкі стаўся артыкул пра Беларусь (Па-руску – ТУТ).
Акрамя ўласных матэрыялаў, падрыхтаваных з дапамогай рэгіянальных экспертаў, “New East” будзе размяшчаць пераклады найбольш цікавых публікацый з іншых СМІ. “The Guardian” запрашае да супрацоўніцтва і чытачоў – напрыклад, праз напаўненне фота- і відэаплатформы GuardianWitness, праз прапановы пэўных тэм, суразмоўцаў і г.д.