Міліцыя перашкаджала журналістам працаваць на адкрыцці станцыі метро “Малінаўка”
Праваахоўнікі пад пагрозай затрымання загадалі журналістам газеты "Наша Ніва" выдаліць фотаздымкі.
Як распавяла прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” карэспандэнт “Нашай Нівы” Ірына Арахоўская, 3 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі загадалі ёй выдаліць фотаздымак, дзе міліцыянт выводзіць з метро нецвярозага мужчыну.
- Убачыўшы, што я здымаю гэтага нецвярозага чалавека, праваахоўнікі адразу падбеглі да мяне і запатрабавалі выдаліць фотаздымак. У адваротным выпадку яны заявілі, што затрымаюць мяне. У такой сітуацыі фотаздымак прыйшлося выдаліць. На жаль, у такой сітуацыі журналіст у Беларусі практычна не можа сябе абараніць і вымушаны падпарадкоўвацца, - распавяла Арахоўская.
Па дадзеных ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” факты перашкодаў законнай дзейнасці журналістаў у Беларусі носяць сістэматычны характар. Апошні з іх адбыўся 9 мая у дзень адкрыцця Чэмпіянату свету па хакеі, калі ў Мінску была затрыманая здымачная група “Радыё Свабода”.