У Мінску абвясцілі лаўрэатаў журналісцкага конкурсу “Жыццё пад сэрцам”


Пераможцамі конкурсу “Жыццё пад сэрцам” сталі Гелія Харытонава, Ларыса Жыбрык і Кацярына Шавялёва.


Максім Гацак, Анатоль Шырвель і пераможца конкурсу Ларыса Жыбрык

Конкурс “Жыццё пад сэрцам” быў заснаваны грамадскай ініцыятывай “Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў” і збіраў матэрыялы беларускіх жрналістаў, якія закранаюць тэму абароны ненароджанага жыцця. На конкурс, прымеркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей, прымаліся матэрыялы, апублікаваныя аўтарамі цягам 2014 года.

Па выніках галасавання журы першае месца сярод пераможцаў заняла журналістка Гелія Харытонава за артыкул “Бабье лето”, другое – Ларыса Жыбрык за тэкст “Время жатвы”, трэцяе – Кацярына Шавялёва (“Право на жизнь”).


Сябра журы Аляксандр Тамковіч падчас цырымоніі ўзнагароджання

Усе пераможцы конкурсу атрымалі каштоўныя прызы, прадстаўленыя спонсарамі спаборніцтва.

Адметна, што ў журы конкурсу сёлета ўвайшлі ўрач-гінеколаг Мінскай гарадской клінічнай бальніцы, клінічны ардынатар Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганна Санько; сябар Рады ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Аляксандр Тамковіч; дэмограф, сацыёлаг і рэдактар ​​сайту pro-life.by Таццяна Тарасевіч; адказны за служэнне сем’яў у Аб’яднанай царкве ХВЕ ў Беларусі Анатоль Шырвель і каардынатар грамадскай ініцыятывы “Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў” Максім Гацак.

У часе ўзнагароджання адбылася таксама і прэзентацыя сайту “Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў” – Krynitsa.info. Мяркуецца, што з наступнага году журналісцкі конкурс “Жыццё пад сэрцам” стане штогадовым.