Аўстрыйскія журналісты: Улады добра папрацавалі, каб паказаць, наколькі яны “крутыя”


Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае гутарыць з замежнымі калегамі, якія наведвалі нашу краіну падчас Чэмпіянату па хакеі. Гэтым разам офіс ГА “БАЖ” наведалі журналісты-фрылансеры з Аўстрыі.

Лукас, Сайман і Флорыян – фрылансеры, сябры аўстрыйскага Прэс-клуба “Канкордыя”. Цікавяцца палітыкай, сітуацыяй са сродкамі масавай інфармацыі ў розных краінах, а таксама ІТ-сферай і рынкам высокіх тэхналогій.

Ці лёгка было Вам патрапіць у Беларусь, якія ўражанні засталіся?

Мы былі ў шоку ад таго, як лёгка ўсё было для нас. У нас не было ніякіх праблем ні з міліцыяй, ні з кім яшчэ. Прыезд у горад быў вельмі прыгожым. Мы паглядзелі і падумалі: А дзе ж тут дыктатура?! І я думаю, улады добра папрацавалі, каб паказаць, наколькі яны “крутыя”.

Безумоўна, у вас значна больш міліцыі. І людзі адрозніваюцца. Здаецца, што людзі не звыклыя да турыстаў. Але бачна, як людзі вельмі стараюцца. Часам, калі мы былі ў рэстарацыі, было зашмат усяго. Зашмат сервісу... (смяюцца).

– З кім Вы сустракаліся падчас візіту, пра што думаеце напісаць найперш?

У асноўным нас цікавіла сітуацыя са СМІ і рынак інфармацыйных тэхналогій. Мы наведалі шэраг беларускіх выданняў, размаўлялі з бізнесоўцамі ў галіне кам’ютарных тэхналогій.

Запомнілася тое, што некаторыя з іх размаўлялі з намі вельмі акуратна. Яны казалі, што ўсё яшчэ хочуць працаваць у гэтай краіне, таму не казалі ўсяго, што хацелі б. А многія наадварот адкрыта расказвалі пра абмежаванні для бізнесу, шчыра распавядалі, дзе беларускія ўлады накладваюць абмежаванні на бізнес.

Ці хацелі б вы наведаць Беларусь яшчэ раз?

Так. Але думаю, пасля нашых артыкулаў гэта будзе складана. Я б хацеў паглядзець на краіну не падчас чэмпіянатаў ці фестываляў? Можа год праз 10.

Ці праз пару месяцаў. Пабачыць, як горад адрозніваецца ад таго, што зараз. Некаторыя нам казалі, што гэта несапраўдны Мінск. Будзе больш міліцыі на вуліцах. Больш бяздомных. Наркаманаў.

А вы заўважылі бяздомных?

Не насамрэч. Можа чалавек пяць за ўвесь тыдзень.

Кажуць, іх усіх арыштавалі. Гэта праўда?

Так кажуць. Былі некаторыя паведамленні. Думаю, праз пару дзён пра гэта будуць больш гаварыць, калі ўсе павыходзяць. І, калі параўнаць з Венай, ці ў вас больш бяздомных, больш п'яных на вуліцах?

...Ну, у Вене з гэтым прасцей. Вы можаце прайсці з півам у метро.

Вам дазволена выпіваць на вуліцах?

Не, не дазволена, але вы можаце гэта рабіць. Ніхто на гэта не глядзіць: можна зайцсі за паліцыянтам ў метро з банкай піва...

А вы бачылі, як кагосьці спынялі з півам?

Так, у метро. Не, не нас. Мы проста бачылі такое ў метро. Мне здаецца, з выпіўкай на вуліцах тут прасцей падчас чэмпіянату. Напрыклад, на Нямізе моладзь магла рабіць усё што заўгодна.