Журналістаў «Белсату» абстралялі ў раёне Славянску (ВІДЭА)
Прадстаўнікі незалежнага тэлеканалу ехалі з Харкава ў Данецк, але мусілі затрымацца за некалькі кіламетраў ад блокпаста ўкраінскіх жаўнераў пад Славянскам – там пачаўся бой. Кулі паляцелі і ў бок аўтамабіля журналістаў «Белсату».
Журналісты Юрась Высоцкі, Сяргей Марчык і Алесь Баразенка мінулі самы спакойны раён на мяжы з сепаратысцкай Данецкай рэспублікай - мястэчка Ізюм - ды ехалі ў бок Славянску. Адзін з блокпастоў украінскіх жаўнераў ім удалося мінуць без перашкодаў. Да наступнага блокпаста яны не даехалі – пачулася страляніна і выбухі з мінамётаў. Карэспандэнты вырашылі перачакаць перастрэлку. Праз некалькі гадзінаў бою кулі паляцелі і ў бок аўтамабіля, у якім схаваліся журналісты.
«У наш бок паляцелі 5–6 куляў. Яны трапілі ў жалезную агароджу пры дарозе. Гэта толькі адзін–два метры ад нашай машыны. На нас былі бронекамізэлькі ды каскі, але ўсё адно было страшна», – распавёў Юрась Высоцкі.
Ніхто з журналістаў «Белсату» не пацярпеў, аднак яны атрымалі звесткі, што ў Славянску загінуў карэспандэнт з Італіі. Пасля здарэння здымачная група «Белсату» накіравалася ў Данецк, вырашыўшы абмінуць Славянск палявымі дарогамі.
«Напярэдадні выбараў сепаратысты актывізаваліся, тут вельмі неспакойна. Калі коратка ахарактарызаваць атмасферу перад выбарамі, то гэта – вайна. Больш дадаваць тут нічога не трэба. Калі не ўдасца трапіць у Данецк, паедзем у Харкаў, які лічыцца бяспечным», – расказаў Юрась Высоцкі.