Мова варожасці: што гэта такое і як яе пазбегнуць?
Вядомы расійскі лінгвіст, выкладчык кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтваў і гуманітарных навук, кандыдат гістарычных навук Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага універсітэта Дзмітрый Дуброўскі 22 мая выступіў у Мінску з лекцыяй пра мову варожасці ў СМІ.
Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пагутарыла з экспертам пасля яго выступлення.
На фота: Д. Дуброўскі ў Мінску
– Што такое “мова варожасці” і чым яна небяспечная?
– Мова варожасці – форма выражэння, якая ўключае распаўсюд, правакаванне і стымуляванне варожасці. Тэрмін “мова варожасці” ўзнік у Амерыцы, калі ў 30-х гадах ХХ стагоддзя ў некаторых амерыканскіх газетах прасочвалася моцная камуністычная альбо фашысцкая прапаганда. Паводле гіпотэзы Сапіра-Уорфа, мова, якой мы размаўляем, стварае нашу рэчаіснасць. У нейкім сэнсе гэта адпавядае выказванню “як карабель назавеш, так ён і паплыве”.
Вельмі часта журналістам падаецца, што яны карыстаюцца абсалютна нармальнай мовай, а насамрэч у мове ўжо закладзеная вялікая агрэсія супраць прадстаўнікоў той ці іншай групы людзей. Таму функцыяй мовы варожасці можна смела назваць легалізацыю дыскрымінацыі той ці іншай групы альбо чалавека.
Прыкметай мовы варожасці з’яўляецца вылучэнне ў мове нейкай групы “іншых” суб’ектаў, якія зазвычай маюць негатыўныя характарыстыкі. Маўляў, “мы добрыя, а яны такія-сякія”, “жанчыны не ўмеюць добра кіраваць аўтамабілем” і г.д.
Адметна, што часта самым магутным стваральнікам мовы варожасці з’яўляюцца паведамленні сілавых органаў, дзе ледзьве не штодня сустракаюцца негатыўныя ацэнкі цэлых груп абсалютна звычайных людзей. У выніку грамадства пачынае ўспрымаць такіх людзей негатыўна, схіляцца да гвалту ў дачыненні іх.
– Мова варожасці характэрная толькі для постсавецкай прасторы?
– У еўрапейскай прэсе вельмі рэдка сустрэнеш элементы мовы варожасці. У Еўропе ёсць усведамленне вялікай небяспекі такіх праяваў. Асабліва гэта стала зразумела пасля Другой сусветнай вайны, калі было прызнана, што тэксты, напрыклад, Юліуса Штрайхера наўпрост былі датычныя да халакосту. Таму ў Заходняй Еўропе нават прыхільнікі крайніх поглядаў вельмі ўважліва сочаць за тым, што пішуць.
– Як прэсе пазбавіцца гэтай заганы?
– У першую чаргу думаць. Журналістам трэба быць крыху больш акуратнымі і крытычна ставіцца да ўсіх тэкстаў – нават тых, якія на першы погляд здаюцца абсалютна бяскрыўднымі. Журналісты абавязаныя разумець сваю сацыяльную адказнасць. А з другога боку, журналісцкай супольнасці трэба больш актыўна выкарыстоўваць этычныя камісіі, каб усё ж пазбавіцца гэтай агрэсіі на старонках СМІ.