Джонатан Рагман: “Я быў акрэдытаваны на чэмпіянат”


Рэпартаж не дапушчанага ў Беларусь брытанскага журналіста выйшаў у эфір тэлеканала Сhannel4 22 мая. 12-хвілінны матэрыял даступны на сайце тэлеканала.

Джонатан Рагман заяўляе ў рэпартажы, што яго выслалі з Беларусі нягледзячы на наяўнасць акрэдытацыі на чэмпіянат свету па хакеі.

Беларускія памежнікі высадзілі яго з цягніка Вільня-Мінск, бо “нешта было не так пашпартам”. “Яны сказалі – нешта ў іх кампютарнай сістэме паказвае, што мне забаронены ўезд. Гэта нягледзячы на той факт, што прэзідэнт Лукашэнка сказаў, што журналісты павінныя быць вольнымі і працаваць без абмежаванняў”, – кажа журналіст.   

“Я быў акрэдытаваны ў якасці карэспандэнта на гэтую падзею, – гаворыцца ў тэкставым суправаджэнні да матэрыялу. – Я нават прыязджаў у Мінск і сустракаўся з арганізатарамі турніру, паездзіў па зусім новых хакейных стадыёнах і абмеркаваў тонкасці гульні з менеджарам нацыянальнай каманды. Але, як аказалася, словы спадара Лукашэнкі бессэнсоўныя: мой ліст аб акрэдытацыі быў адхілены беларускімі памежнікамі... “Нешта не так з пашпартам” – працягвалі казаць ахоўнікі паміж шалёнымі тэлефанаваннямі нейкім нябачным кантралёрам, а потым пасадзілі мяне на наступны цягнік назад у Вільню”.


Кадры з рэпартажа Д. Рагмана

У рэпартажы ёсць кадры, як журналіста ссаджваюць з цягніка на платформу (на відэа – на 3-й хв.40 сек.). У закадравым тэксце Джонатан Рагман расказвае, што аператару Сhannel4 удалося “праслізнуць” у Беларусь, бо ён зрабіў выгляд, што не ведае журналіста.


Кадры з рэпартажа Д. Рагмана

Джонатан Рагман распавядае, што ў яго спачатку была шматразовая працоўная віза ў Беларусь. “Але пасля майго першага візіту ў Мінск в сакавіку я атрымаў е-mail ад беларускай амбасады ў Лондане, якая заявіла, што мая віза ануляваная. Калі Брытанская амбасада ў Мінску папрасіла ў МЗС тлумачэнняў, адказ быў, што “не ў іх кампетэнцыі абмяркоўваць гэтую тэму”.

Мяркуючы па тым, што ў рэпартажы багата знятых у Мінску падчас чэмпіянату кадраў, аператару, які “праслізнуў” у Беларусь, удалося справіцца з рэдакцыйным заданнем самастойна.


Д. Рагман. Фота channel4.com

Пра адмову ва ўездзе ў Беларусь карэспандэнту брытанскага тэлеканала Channel 4 News Джонатану Рагману паведаміла агенцтва БелаПАН, charter97.org і іншыя інфармацыйныя крыніцы са спасылкай на Твітэр журналіста. 22 мая ён напісаў: "Мне забаранілі ўязджаць у Беларусь. Знялі з цягніка і выправадзілі. Рэжым Лукашэнкі будзе ў цэнтры ўвагі сёння ўвечары на канале Channel 4 News". Прэс-сактратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка, у сваю чаргу, заявіў, што Джонатан Рагман спрабаваў уехаць у Беларусь яшчэ 7 мая, прычым не меў ні візы, ні квітка на чэмпіянат, ні акрэдытацыі.

Паводле даведкі Channel 4Джонатан Рагман спецыялізуецца на пытаннях знешняй палітыкі, тэрарызму і міжнароднага развіцця. Ён перадаваў рэпартажы з рэвалюцый і паўстанняў у Сірыі, Егіпце, Лівіі, Тунісе і Бахрэйне, асвятляў праблемы голаду ў Самалі, крызісу еўразоны, землятрусу на Гаіці і інш. Раней ён займаў пасаду вашынгтонскага карэспандэнта праграмы і карэспандэнта па пытаннях бізнэсу. Яго рэпартажы з Паўночнай Амерыкі, Вялікабрытаніі, Азіі і Афрыкі заваявалі некалькі ўзнагарод. Джонатан далучыўся да Channel 4 News ў 1999 годзе. Ён з'яўляецца аўтарам кнігі "Дзеці Атацюрка: Турцыя і курды" і раней працаваў у якасці карэспандэнта BBC і The Guardian у Турцыі.