Інфармацыйная вайна, у якую мы ўсе ўцягнутыя (ВІДЭА)


Першыя атакуюць – іншыя наносяць контратакі. Менавіта вайсковымі тэрмінамі можна ахарактарызаваць тое, што адбываецца на інфармацыйным полі Расея-Украіна. Якое месца тут Беларусі?

З Украіны зараз паступае шмат супрацьлеглай інфармацыі. Як з ёй працаваць? – задаюцца пытаннем журналісты. Украінскае СБУ заяўляе, што ў выпусках навінаў на расейскіх цэнтральных тэлеканалах выявілі так званы "25-ы кадр" - тэхнічны прыём, які дазваляе ўплываць на падсвядомасць гледача, фактычна замбіруючы яго. Беларускі журналіст і паліталог Віктар Марціновіч не верыць у выкарыстанне спецтэхналогій, маўляў, акурат гэта інфармацыя як быццам з экрана расейскага ТВ:

- Я не веру, што ў расейскай прапаганды ёсць 25-ы кадр ці нават проста нейкая тэхналогія. Гэта тупое дзікунства, тое, што зараз адбываецца на расейскіх тэлеканалах. Чаму гэта спрацоўвае? Таму, што менавіта такія тупыя тропы працуюць заўсёды: чым больш яна тупая і тапорная, тым больш шанцаў на тое, што нехта паверыць. 

Паводле палітолага, зараз дастаткова цікавая сітуацыя ў Беларусі, калі беларускае тэлебачанне, у параўнанні з расейскім, выглядае амаль што прыстойна:

- Шмат ад каго чую, - працягвае Віктар Марціновіч, - што зараз нават не так ганебна працаваць на БТ, як на НТВ ці РТР. Аднак гэта нармальная сітуацыя на нашым тэлебачанні па ўкраінскім пытанні нівелюецца тым, што беларускія інфармацыйныя выпускі ідуць пасля расейскіх, якія не перакрываюцца. Таму дэ-факта беларускі глядач спачатку атрымлівае порцыю расейская прапаганды, такой махровай, а пасля гэтага ён датыкаецца да нейтральнага выпуску беларускай перадачы, з якой нічога не зразумела, дзе няма ніякай пазіцыя. Мы зараз нацыя, якой паспяхова маніпулююць расейскія тэлеканалы. Я не ведаю да чаго гэта прывядзе, мабыць, да таго, што з часам беларусы будуць кахаць Пуціна. Так! Не любіць, а менавіта кахаць, і будуць ненавідзець украінцаў.

Беларускіх журналістаў і рэдактараў вельмі турбуе, як працаваць з гэтай інфармацыяй – дадае рэдактар беларускага інтэрнэт-партала tut.by Марына Золатава:

- Шмат супрацьлеглай інфармацыі паступае з розных бакоў. Мы карыстаемся самымі рознымі крыніцамі, старемся рабіць так, каб у нашых матэрыялах, калі гэта менавіта нашыя матэрыялы, а не пазычаныя, былі спасылкі на розныя ўкраінскія крыніцы, а таксама на расейскія. Мы зараз знаходзімся ў сітуацыі, калі вельмі цяжка ацаніць, якая інфармацыя сапраўды адпавядае рэчаіснасці. Галоўнае, канешне, супастаўляць розныя крыніцы, падыходзіць да кожнай інфармацыі крытычна. Журналіст, як мы ведаем, павінен сумнявацца, і гэта менавіта той выпадак, калі журналіст павінен быць асабліва пільным. 

Пра пільнасць не дбаюць расейскія журналісты. Адзін з самых вядомых прыкладаў расейскай прапаганды, які бадай што патрапіць у падручнікі для журналістаў. Як адзін і той жа чалавек, але ў розных ролях выступіў на розных телеканалах у аднолькавы час.

Тут ён пацярпелы, ну а праз некалькі гадзінаў – ужо сярод арганізатараў беспарадкаў… Патлумачылі расейкія прапагандысты свой “ляп” проста: маўляў, герой - вар’ят і падмануў “сумленных” журналістаў.

Памылкай мантажыстак таксама на расейкім тэлеканале РТР патлумачылі іншы свой “ляп” - тое, што выдавалі адснятае два гады таму відэа з забітым расейкімі войскамі чалавекам з горада Баксан у Кабардзіна-Балкарыі на Паўночным Каўказе за быццам “растралянага ўкраінскай арміяй мірнага жыхара Славянска”.

- Хіба ж можна давяраць расейскім? Там жа ўсё вычварана і перакручана, – кажуць украінцы на майдане ў Кіеве. - Ідзе адкрытая вайна Украіны з Расеяй. Сваім тэлебачаннем замбуюць усіх людзей, і яны асабліва не ведаюць той праўды, што насамрэч адбываецца.

- Чуў пра 25-ы кадр, але як ён уплывае на чалавека, калі шчыра, незразумела, ці магчыма гэта.

- Намагаюся слухаць розныя крыніцы, а пасля ўжо неяк атрымліваць інфармацыю, абдумваць. Што расейскае, што ўкраінскае тэлебачанне - усе скажаюць інфармацыю.

- Напрыклад, я бачыў сюжэт, што ўкраінскія вайскоўцы скідваюць трупы з БТРаў, знайшліся людзі, якія бачылі гэты ролік яшчэ ў 2012 годзе ці раней, гэта дагестанскае відэа. Нават Кісялёў нядаўна сказаў, што гэта вінаватыя мантажоры ці хто там у іх.

- Думаючыя людзі ніколі ў такое не павераць, – падсумоўвае кіеўскі Майдан.

На ідэалагічным фронце Пуцін ды яго каманда перамагаюць, лічыць незалежны тэлеаналітык з Масквы Арына Барадзіна:

 

- Ніколі такога эфекту не дасягалі расейскія федэральныя СМІ. Узровень непрыняцця двух краінаў, грамадзян, якія жывуць ва Украіне і Расеі, – гэта бачна на побытавым узроўні, такога не было яшчэ ніколі. Калі праграма цалкам, па гадзіне, па 45 хвілін, напоўненая сюжэтамі, дзе нам паказваюць, што ва Украіне адныя фашысты, бандэраўцы, злачынцы, дзе ненавідзяць расейцаў, безумоўна, у людзей фармуецца негатыўнае ўспрыняцце таго, што яны бачаць і чуюць. У сакавіку было проста татальнае запаланенне антыўкраінскай тэмай. З пункту гледжання задачаў расейскай улады, гэта было вельмі эфектыўна. Трэба сказаць, агулам на ідэалагічным фронце Пуцін і яго акружэнне перамаглі, федэральныя дзяржаўныя каналы адпрацавалі на 120%, калі б гэта лічыў Чураў (старшыня расейскага ЦВК-рэд.). 

- Мяне вельмі засмучае, што людзі перасталі паважаць іншыя меркаванні – кажа Марына Залатава. - Лічым, што ў мяне ёсць меркаванне, у мяне ёсць погляд на гэтыя падзеі і толькі ён правільны. Мы проста ў пэўнай часткі людзей намагаемся адабраць права мець сваё ўласнае меркаванне. Адбылася сітуацыя, калі людзі, якія жывуць у розных рэгіёнах краіны, гістарычна так склалася, што яны заўсёды мала слухалі адзін аднаго, але зараз сітуацыя крытычная, яны не хочуць слухаць сваіх апанентаў зусім. Найгоршае - гэтага не хоча рабіць новая ўлада Украіны.

РР: А што рабіць журналісту, які разумее, што ён у гэтую інфармацыйную вайну нейкім чынам уцягваецца?

- Я так думаю, што журналісты ў момант, калі становяцца пешкамі ў гэтай вайне, наўрад ці ўсведамляюць, што ўжо там удзельнічаюць. Прыкладам, відаць, можа быць узнагароджанне «трохсот» ці колькі там было дзеячаў расейскіх медыя, здаецца, за асвятленне крымскіх падзеяў. Людзі шчыра ўпэўненыя ў тым, што яны выконваюць свой прафесійны абавязак. Але з-за таго, што прафесійнае вельмі шчыльна звязана з грамадскім, з тым, што яны працуюць, напрыклад, у дзяржаўных медыя, у іх уяўленне пра падзеі дэфармавалася, яны бачаць падзеі менавіта ў тым святле, у якім ім выгадна гэта бачыць. Зацікаўленым асобам, і журналістам, і рэдактарам вельмі цяжка абстрагавацца ад свайго асабістага і асвятляць падзеі аб’ктыўна.

Украінскія СМІ таксама нельга назваць супераб’ектыўнымі, кажа журналіст і палітолаг Віктар Марціновіч. Выкарыстоўваючы вайсковыя тэрміны, яны наносяць контратакі і гэта можна зразумець:

- Калі супраць твоёй краіны вядзецца інфармацыйная вайна, шукаецца шлях захаваць нацыю. Па-першае, спыніць сродкі камунікацыі, якія распаўсюджваюць той ці іншы мэсыдж, які патрэбны ворагу. Па-другое, адказваюць прыкладна тым жа. Я за чатыры дні ў Кіеве не пабачыў канала, які б мяне ўразіў тым, што працаваў нейтральна, неперадузята.

А ўкраінскія журналісты, сапраўды, бароняць сябе ды імкнуцца змагацца з расейскай прапагандай. Напрыклад, у інтэрнэце набірае папулярнасць праект стоп-фейк, дзе збіраюцца і аналізуюцца ўсе фейкавыя навіны расейскіх і не толькі расейскіх тэлеканалаў.

І гэта не адзіны праект, які знойдзем у сеціве. Раней “Месца для прэсы” расказвала пра супольнасць у сацыяльных сетках “Антыпрапаганда-аналіз выпускаў навінаў”, дзе неабыякавыя прадстаўнікі расейскай грамадзянскай супольнасці аналізуюць выпускі навінаў на федэральных каналах ды шукаюць там тыповыя прыкметы прапаганды.”